Беларусаў, якія ехалі ў Кіеў на Майдан, затрымалі
119- 6.12.2013, 22:25
- 88,278

Аўтобус з беларусамі, які ехаў з Менска ў Кіеў, спынілі ў Мар'інай Горцы.
Некалькі дзясяткаў беларусаў павінны былі сёння выехаць з Менска, каб наведаць Кіеў і падтрымаць удзельнікаў Еўрамайдана. Аднак ля 21-й гадзіны аўтобус, на якім яны ехалі, быў спынены ў Мар'інай Горцы.
«Кансіліум розных службаў разважае, што рабіць. Падрабязнасцяў пакуль няма», - піша ў «Фэйсбуку» арганізатарка паездкі Дар'я Каткоўская.
Пазней стала вядома, што ў затрыманні аўтобуса ў чыстым полі бралі ўдзел супрацоўнікі КДБ, транспартнай міліцыі і ДАІ. З дакументамі ва ўсіх было ўсё ў парадку, таму затрыманым прапанавалі прайсці ў РУУС. Людзі адмовіліся і адправіліся на бліжэйшую АЗС.
«Аўтобус арыштаваны, пасажыры на волі, ідзем па снежным полі», - напісаў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак.
На працягу трох гадзін актывістаў, якія знаходзіліся на запраўцы ля Мар'інай Горкі, падабралі аўто, якія выехалі з Менска і спадарожныя аўтамабілі.
Апошняй з месца затрымання з'ехала Дар'я Каткоўская. «Усё, селі ў спадарожку на Гомель», - напісала яна некалькі хвілін таму.
Аб затрыманні беларусаў, якія едуць на Еўрамайдан, ужо вядома ў Кіеве. Людзі, якія сабраліся на галоўнай плошчы ўкраінскай сталіцы, сустрэлі гэтую інфармацыю крыкамі «Ганьба».
