Маладафронтаўца Цянюту аштрафавалі за антыалкагольныя ўлёткі
19- 9.12.2013, 12:29
- 9,736
Сустаршыня «Маладога Фронту» Андрэй Цянюта атрымаў штраф за распаўсюд антыалкагольнай інфармацыі.
Велічыня штрафу склала 25 базавых велічынь, паведамляе прэс-служба «Маладога Фронту».
Справа актывіста разглядалася на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Савецкага раёна Гомеля.
Актывісты Андрэй Цянюта і Станіслаў Була былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі за расклейку антыалкагольных дэматыватараў у грамадскіх месцах горада. Пасля затрымання актывісты былі дастаўленыя ў Савецкі РАУС, дзе на іх былі складзеныя пратаколы па артыкуле 21.14 КоАП (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў).
- Гэта абуральна, - кажа Андрэй Цянюта, - 25 базавых за тое, што мы робім іх працу. Бо, гэта ж улады павінны быць зацікаўленыя ў распаўсюджванні такой сацыяльнай рэкламы, у тым, каб людзі менш пілі, каб грамадства было больш здаровым. Але пасля сённяшняга іх рашэння, мне здаецца, што зацікаўленыя яны як раз у адваротным.
Разгляд справы Станіслава Булы адкладзены з-за адсутнасці ў яго пры сабе пашпарта. Але, як заўважыў сам Станіслаў, ён не спадзяецца на нейкае іншае стаўленне да сябе адміністрацыйнай камісіі.