29 снежня 2024, Нядзеля, 10:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа Васільева: таямніца чорнага партфеля КДБ

15
Справа Васільева: таямніца чорнага партфеля КДБ

Па прысудзе Менскага абласнога суда былы першы намеснік старшыні Менгарвыканкама Ігар Васільеў павінен правесці ў калоніі ўзмоцненага рэжыму 14 гадоў.

Так чыноўнік, які некалі ўваходзіў у кадравы рэестр Лукашэнкі, пакараны за хабар, да якога нават не паспеў дакрануцца, пішуць naviny.by.

Справа Васільева слухалася, як заявіла суддзя, зачытваючы рэзалютыўную частку прысуду, «ў адкрытым часткова закрытым судовым пасяджэнні». У гэтым, мабыць, і ёсць галоўная асаблівасць працэсу. Бо ўвесь суд з самага пачатку мог праходзіць у цалкам закрытым ад грамадскасці рэжыме, калі ў матэрыялах крымінальнай справы знаходзіліся матэрыялы пад грыфам «сакрэтна». Нават аргументы абароны і апошняе слова абвінавачанага, які сваю віну не прызнаў, апынуліся, атрымліваецца, засакрэчанымі. У той жа час некалькі пасяджэнняў прайшло ў адкрытым доступе. І, падобна, гэта было зроблена наўмысна.

Нагадаем, працэс пачаўся 20 снежня. У справе быў толькі адзін эпізод. Ігар Васільеў абвінавачваўся ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча, у асабліва буйным памеры). Санкцыя артыкула - ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Дзяржабвінаваўца прасіў для экс-чыноўніка максімальнага пакарання.

Затрымалі ж Васільева супрацоўнікі КДБ раніцай 6 ліпеня па падазрэнні ў вымагальніцтве хабару ў 500 тысяч даляраў у прадстаўнікоў еўрапейскага прадпрыемства-інвестара за спрыяльнае вырашэнне пытання, якое ўваходзіць у кампетэнцыю чыноўніка і звязанае з заключэннем інвестыцыйнай дамовы больш чым на 30 млн. даляраў.

Перадача наяўных грошай павінна была ажыццяўляцца двума роўнымі часткамі па 250 тысяч даляраў. Кайданкі на Васільева надзелі у яго службовым кабінеце пасля атрымання першай часткі хабару. Чвэрць мільёна «зялёных» першаму намесніку мэра Менска прынеслі ў чорным партфелі прама на працоўнае месца і пакінулі ў шафе.

Грошы, як аказалася, не належалі патэнцыйнаму хабарадавальніку - чэшскай кампаніі Еco Clean Energy, якую Менгарвыканкам анансаваў як інвестара праекта па будаўніцтве смеццеперапрацоўчага завода. Пачкі даляраў уяўлялі сабой сродкі са спецыяльнага фонду КДБ. Трэба разумець, што туды яны і вярнуліся. У рэзалютыўнай частцы прысуду пра іх гаворка наогул не ішла. Грошы, дарэчы знаходзіліся ў чорным партфелі, які, як рэчавы доказ суд пастанавіў вярнуць уладальніку - КДБ. Так што ў дадзеным выпадку канфіскацыі прадмета хабару - 250 тысяч даляраў - быць не магло, і дзяржаўная казна нічога ў гэтай частцы ўгоды не займела.

Безумоўна, за кадрам засталася галоўная інтрыга гэтай высока карупцыйнай гісторыі - аператыўна-вышуковыя матэрыялы справы, якія, без сумневу, згулялі вырашальную ролю ў вынясенні Васільеву абвінаваўчага вердыкту. Магчыма, менавіта ў гэтых матэрыялах на той момант другая асоба сталічнай выканаўчай улады праявіла, скажам так, сваё жаданне ўзяць паўмільёна даляраў. У такім выпадку, за гэтае жаданне ён і паплаціўся. Вобразна кажучы, праверку на вашывасць чыноўнік не прайшоў, а таму павінен быць пакараны, каб і іншым патэнцыйным карупцыянерам непанадна было.

Магчыма, таму частка працэсу прайшла ў адкрытым рэжыме - каб усе ведалі, як гэта робіцца і чым гэта сканчаецца. Так што вельмі нават можа быць, што суровы прысуд Васільеву гэта пасланне пэўнай частцы беларускага чынавенства. Далёка не першае, трэба заўважыць, папярэджанне за ўсе гады барацьбы з карупцыяй і, відавочна, не апошняе. Але ў дадзеным выпадку, пасланне вельмі актуальнае ў сувязі з будучым (ці тым, што ўжо адбываецца?) 25% скарачэннем айчыннага войска чыноўнікаў. Як у такой сітуацыі не задумацца пра будучыню і не працягнуць руку таму, хто дае хабар? А калі ў гэтай руцэ такая сума, што і ўнукам хопіць?

Гэта з аднаго боку. Ёсць і іншы. Лукашэнка і ўрад патрабуюць ад адказных таварышаў кроў з носу, але прыцягнуць у эканоміку краіны замежныя інвестыцыі. Заданні вылічаюцца мільярдамі даляраў, а вынікі з камароў нос. Да месца нагадаць, што і папярэдняя карупцыйная гісторыя з рэкордным 500 тысячным даляравым хабарам таксама мела інвестыцыйны прысмак. У 2008 годзе да 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі прысудзілі былых генеральнага дырэктара ААТ «Беллёгпрампраект» Сямёна Іокшу і дырэктара КУП «УКБ адміністрацыі Ленінскага раёна г. Менска» Уладзіміра Чыгрына.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, за паўмільёна даляраў чыноўнікі абяцалі расейскім інвестарам дапамагчы выйграць тэндэр на забудову жылога комплексу ў сталіцы. У справе таксама фігураваў чорны партфель, набіты «зелянінай», а пасрэднікі ад нібы хабарадавальніка апынуліся міфічнымі асобамі - у расейскай будаўнічай кампаніі ніколі не працавалі і ў спісах грамадзян Беларусі не лічыліся.

Абедзве гэтыя гісторыі наводзяць на думку, што для беларускіх чыноўнікаў сёння няма страшней персанажа, чым магчымы інвестар з чорным партфелем у руках. Перспектыва такая, што лепш пазбавіцца працы за зрыў плана па інвестыцыях, чым пазбавіцца волі і ўсёй сумленна нажытай маёмасці ў выніку магчымага аператыўнага эксперыменту праваахоўнікаў, ад якіх таксама ў сваю чаргу патрабуюць паказчыкаў у барацьбе з карупцыяй, якая набіла аскому.

У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам генпракурора Аляксандра Канюка. «Я, вядома, рады, - сказаў ён, - што ў нас ідзе адпаведная барацьба і зменшылася колькасць карупцыйных праяў, але мне здаецца, што з раскрывальнасцю злачынстваў, асабліва ў Менску, і ў барацьбе з карупцыяй мы ўсё ж такі трохі недапрацоўваем».

Верагодна, пасля такіх слоў кіраўніка новыя гучныя крымінальныя справы не за гарамі...

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках