19 сакавiка 2024, aўторак, 8:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намеснік Ладуцькі прысуджаны да 14 гадоў турмы

154
Намеснік Ладуцькі прысуджаны да 14 гадоў турмы

Былы першы намеснік старшыні Менгарвыканкама Ігар Васільеў асуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі.

Такое рашэнне вынес 11 лютага Менскі абласны суд, піша БелаПАН.

Васільеў прызнаны вінаватым па частцы 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча, у асабліва буйным памеры).

Зачытваючы прысуд, суддзя Натальля Аляхновіч патлумачыла: Васільеў прызнаны вінаватым «у прыняцці службовай асобай матэрыяльных каштоўнасцяў, прызначаных выключна ў сувязі з займаемым ёй становішчам за спрыяльнае вырашэнне пытання, якое ўваходзіць у яе кампетэнцыю».

Былы першы намеснік старшыні гарвыканкама пазбаўлены права займаць пасады ў дзяржапараце тэрмінам на пяць гадоў.

Па рашэнні суда маёмасць, на якую ў ходзе следства быў накладзены арышт, працягвае заставацца пад арыштам. Пералік гэтай маёмасці заняў у суддзі каля 15 хвілін.

Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб зберажэннях ў рознай валюце ў розных банках, 460 простых акцыях ААТ «Менскі камбінат сілікатных вырабаў», якія знаходзяцца ў кіраванні «Беларусбанка», некалькіх гадзінніках, у тым ліку швейцарскіх, тэлефонах, планшэце iPad, вырабах з каштоўных металаў і камянёў.

Пад арыштам знаходзяцца аўтамабіль «Таёта» і гараж плошчай 42,4 кв. м, зліткі з золата вагой 1,5, 50 і 100 грамаў, некалькі дзесяткаў найменняў залатых і сярэбраных упрыгожванняў з каштоўнымі камянямі і без рознай вагі, сувенірныя залатыя і срэбныя манеты і іншае.

Пасля абвяшчэння вердыкта суддзя пацікавілася ў абвінавачанага, ці зразумелы яму прысуд. Васільеў спакойна адказаў: «Так».

Прысуд можа быць абскарджаны і апратэставаны абвінавачаным і адвакатам у Вярхоўным судзе.

Адвакат Марына Дабратворская заявіла журналістам, што катэгарычна не згодная з рашэннем суда і будзе яго абскарджваць.

Па дадзеных следства, Васільеў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 6 ліпеня 2012 года па падазрэнні ў вымагальніцтве хабару ў 500 тысяч даляраў ЗША ў прадстаўнікоў чэшскага інвестара за спрыяльнае вырашэнне пытання, якое ўваходзіць у кампетэнцыю чыноўніка і звязанае з заключэннем інвестыцыйнай дамовы на будаўніцтва пад Менскам смеццеперапрацоўчага завода. Перадача грошай павінна была ажыццяўляцца двума часткамі па 250 тыс. даляраў. Васільева затрымалі ў службовым кабінеце пасля атрымання першай часткі хабару.

Віну ў атрыманні хабару Васільеў у судзе не прызнаў.

8 лютага Васільеў выступіў у судзе з апошнім словам. Як і вялікая частка працэсу, які пачаўся 20 снежня, гэта адбылося ў закрытым рэжыме.

Дзяржабвінаваўца прасіў суд прысудзіць былога першага віцэ-мэра Менска да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Да абвяшчэння працэсу закрытым у судзе ў якасці сведак былі дапытаныя былыя і дзеючыя чыноўнікі Менгарвыканкама рознага рангу, а таксама іншыя асобы, у тым ліку прадстаўнікі чэшскага інвестара, з якімі Васільеў кантактаваў па пытаннях будаўніцтва завода і праз якіх атрымаў узнагароду.

Адзін з галоўных сведкаў Васіль Ананьеў распавёў у судзе, як пад кантролем КДБ 6 ліпеня прынёс у гарвыканкам і перадаў Васільеву ў яго службовым кабінеце партфель з 250 тысячамі даляраў. Сам Ананьеў у цяперашні час утрымліваецца пад вартай па іншай крымінальнай справе, не звязанай са справай былога чыноўніка. Ён быў затрыманы яшчэ 11 чэрвеня 2012 года і з СІЗА паведаміў у КДБ аб перадачы хабару Васільеву, якая рыхтуецца.

Па словах сведкі, пытанне аб будаўніцтве смеццеперапрацоўчага завода за чэшскі капітал ён абмяркоўваў з Сяргеем Татуном, які фігуруе ў справе аб хабары, і прадпрымальнікам Ігарам Сметаніным з падачы апошняга. Менавіта Сметанін паведаміў, што ў яго ёсць свой чалавек у гарвыканкаме і што заключэнне інвестыцыйнай дамовы будзе каштаваць паўмільёна даляраў. А праз некаторы час ужо на сустрэчы непасрэдна з Васільевым у яго кабінеце чыноўнік напісаў на паперы суму, якую разлічваў атрымаць за падпісанне інвестдамовы. На гэтай сустрэчы прысутнічаў таксама нейкі прадстаўнік чэшскага боку. Потым, мяркуючы па словах сведкі, чыноўнік неаднаразова патрабаваў запытаныя грошы.

Заяву ў КДБ аб злачынстве Ананьеў, абураны, паводле яго слоў, паводзінамі чыноўніка, напісаў 19 чэрвеня. Яго наступныя сустрэчы з Васільевым ужо праходзілі пад кантролем спецслужбаў, на сведке ў гэты час была відэа-і фотаапаратура. 5 ліпеня, па словах Ананьева, чыноўнік, які ад'язджаў праз два дні ў адпачынак, зноў патрабаваў грошай і атрымаў запэўненне ў тым, што 250 тысяч даляраў яму будуць дастаўленыя з Масквы. Перадача грошай адбылася раніцай 6 ліпеня ў кабінеце Васільева, пасля чаго чыноўнік быў затрыманы.

Ігар Сметанін падчас працэсу над чыноўнікам заяўляў пра ціск з боку КДБ, а таксама пра тое, што Васільеў ніколі не патрабаваў ад чэшскіх фірм 500 тысяч даляраў за заключэнне інвестыцыйнай дамовы на будаўніцтва ў Менску смеццеперапрацоўчага прадпрыемства.

Напісаць каментар 154

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках