Андрэй Саннікаў на Reuters: Дыктатар зразумее толькі мову санкцый
32- 23.02.2013, 16:16
Спробы ўцягнуць беларускі рэжым у дыялог вядуць толькі да ўзмацнення рэпрэсій.
Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, які нядаўна выйшаў з турмы ў роднай Беларусі, заклікаў міжнародную супольнасць увесці жорсткія санкцыі ў дачыненні да ўладаў ягонай краіны для таго, каб пакласці канец парушэнням правоў чалавека, паведамляе агенцтва Reuters (пераклад - charter97.org).
Саннікаў, былы намеснік міністра замежных спраў, быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў 2011 годзе за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў, у якіх ён прымаў удзел. Ён быў наймацнейшым спаборнікам Лукашэнкі.
«Адзіную мову, якую разумее дыктатар - гэта санкцыі, - заявіў Саннікаў на канферэнцыі, якая прайшла ў Вене ў рамках сесіі ПА АБСЕ. - Кожны раз, калі міжнародныя арганізацыі і асобныя краіны змякчаюць сваё стаўленне да беларускага рэжыму, рэпрэсіі ўзмацняюцца».
Назіральнікі ад АБСЕ мяркуюць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя.
Саннікаў заклікаў да выгнання дэлегацыі беларускага «парламента» з ПА АБСЕ - адзінай буйной міжнароднай еўрапейскай арганізацыі, якая ўключае ў сябе былую савецкую рэспубліку.
«Мы павінны ставіць пытанне аб прыпыненні сяброўства Беларусі неадкладна», - сказаў Саннікаў.
Лукашэнка кіруе Беларуссю з 1994 года. Ён з'яўляецца выгнанцам на Захадзе праз жорсткае абыходжання з палітычнымі апанентамі, шмат хто з іх былі схопленыя і кінутыя ў турму.
Рэпрэсіі, якія разгарнуліся ў краіне пасля выбараў 2010 года, заахвоцілі Еўрапейскі Звяз увесці забарону на паездкі і замарожванне актываў у дачыненні да беларускага правадыра і ягонага найбліжэйшага атачэння.
Саннікаў адхіліў верагоднасць таго, што ўсялякія іншыя захады дапамогуць палепшыць сітуацыю.
«Мы бачым вялікую колькасць палітычных зняволеных сёння праз тое, што Еўрапейскі звяз пачаў далучаць дыктатара ў дыялог», - заявіў ён.
Саннікаў адседзеў у беларускай турме 16 месяцаў. Пасля выхаду на волю ён паведаміў, што адміністрацыя турмы катавала яго і спрабавала схіліць да ўчынення самагубства.
Ягоная жонка, журналістка Ірына Халіп, не здолела пакінуць Менск і разам з ім выступіць на канферэнцыі ў Вене праз абмежаванні, накладзеныя на яе з боку беларускай улады.