7 траўня 2024, aўторак, 7:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Букоўскі: Беларуская апазіцыя робіць сваю справу

47
Уладзімір Букоўскі: Беларуская апазіцыя робіць сваю справу

У Празе адбылася сустрэча з былым дысідэнтам Уладзімірам Букоўскім.

Яна была прысвечана выхаду на чэшскай мове ягонай кнігі «І вяртаецца вецер», паведамляе «Радыё Свабода».

Уладзімеру Букоўскаму цяпер 70 гадоў, з якіх прыкладна палову ён правёў у Савецкім Саюзе, а палову ў эміграцыі. На пачатку 1990-х Букоўскі вярнуўся ў Расею, і выступаў сведкам на слуханнях у Канстытуцыйным судзе ў справе «КПСС супраць Ельцына». Рыхтуючыся да слуханняў, Букоўскі атрымаў доступ да гэтак званай «асаблівай папкі» з архіву прэзідэнта Расеі -- сакрэтных дакументаў ЦК КПСС і савецкага КГБ. Некаторыя з гэтых дакументаў Букоўскі скапіяваў і пазней апублікаваў. Ён кажа, што сярод рэчаў, якія яго здзівілі у тых дакументах, былі найперш паводзіны заходніх палітыкаў у стасунках з камуністычным кіраўніцтвам СССР.

«Мы нядаўна апублікавалі дакумент пра тое, як сэнатар Джо Байдэн, цяперашні віцэ-прэзідэнт ЗША, прыязджаў у Савецкі Саюз у 1979 годзе і ў прыватнай размове ў ЦК сказаў: «Вы не звяртайце ўвагі, што мы робім пратэсты з нагоды дысідэнтаў, палітзняволеных – гэта мы робім для публікі. Вы скажаце «не», і мы гэтае «не» прымем». Такая вось адкрытая крывадушнасць амерыканскага сэнатара. Навошта ён гэта казаў? Думаў, што савецкія яго будуць за гэта больш любіць? Не, яны такімі рэчамі пагарджалі і не любілі людзей без прынцыпаў. Мы апублікавалі гэты дакумент у ЗША, але, вядома ж, ніякага ўплыву на вынікі выбараў ён ня меў», - распавёў Уладзімір Букоўскі.

Былы дысідэнт тлумачыць, што на ягонае рашэнне з’ехаць ужо з постсавецкай Расеі найбольш паўплывала адмова тагачаснага расейскага прэзідэнта Барыса Ельцына правесці суд над кампартыяй, накшталт Нюрбэрскага працэсу над кіраўніцтвам нацыстоўскай Нямеччыны. Без такога суду людзі, адказныя за савецкія злачынствы, засталіся ва ўладзе і атрымалі магчымасці кантраляваць расейскі бізнэс.

На выбарах 2008 году Букоўскі спрабаваў вылучацца кандыдатам у прэзідэнты Расеі, але расейская ЦВК не зарэгістравала ягоную кандыдатуру. Сам ён тлумачыць, што спрабаваў такім чынам прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці да новых спробаў расейскай улады выкарыстоўваць карную псіхіятрыю супраць іншадумцаў. Паводле яго, вяртанне карнай псіхіятрыі ў Расеі дагэтуль магчымае і нават лагічнае, бо тыя людзі, якія некалі ставілі хлуслівыя дыягназы савецкім дысідэнтам, захавалі свае пасады і дыпломы.

Наведнікі сустрэчы пыталіся ў Букоўскага, якія асноўныя памылкі ён бачыць у дзеяннях цяперашняй расейскай апазіцыі. Сярод такіх памылак ён назваў захапленне партыйнай барацьбой ва ўмовах, калі партыі рэальна не могуць стаць уплывовымі.

«Яны ў выніку пачынаюць канкураваць між сабой. То бок энэргія гэтых партыяў сыходзіць на барацьбу між сабой, а не з рэжымам», - сказаў ён.

А вось меркаванне Уладзімера Букоўскага наконт беларускай апазіцыі:

«Вашая апазіцыя вельмі актыўная – яе цяжка ў нечым папракнуць. Іх чуваць і на Захадзе, яны і ўнутры краіны ладзяць сур'ёзныя пратэсты. Лукашэнка ў нейкі момант быў цалкам «фігурай нон грата» ў Еўропе, яго нідзе не прымалі, і гэта было вынікам працы апазіцыі, якая вяла шмат кампаніяў з нагоды палітычных рэпрэсіяў. Яны робяць сваю справу, але не заўсёды зразумела, што рабіць з рэжымамі такога кшталту», - заявіў Букоўскі.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках