7 траўня 2024, aўторак, 6:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарожнае бязмежжа

57

Жыхары аднаго з брэсцкіх мікрараёнаў, абураныя станам дарог, пачалі збор подпісаў з патрабаваннем пакараць вінаватых.

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, пачалося ўсё з таго, што група энтузіястаў вырашыла падлічыць: колькі ям і іншых пашкоджанняў дарожнага палатна маецца на паўкіламетровым участку вуліцы Ракасоўскага і трасы, якая злучае яе з вуліцай Жукава. Налічылі як раз тысячу, пасля чаго было вырашана прыступіць да збору подпісаў у падтрымку кампаніі пад умоўнай назвай «Тысяча і адна ямка». Пазней гэтыя подпісы плануецца перадаць у Брэсцкі гарвыканкам.

У сваім калектыўным звароце ініцыятары кампаніі звяртаюць увагу на тое, што такая сітуацыя назіраецца на гэтым ажыўленым участку ўжо амаль год, чым груба парушаюцца «Патрабаванні да эксплуатацыйнага стану, дапушчальнага па ўмовах забеспячэння бяспекі дарожнага руху (СТБ 1291-2007)». Сітуацыя пагаршаецца тым, што на згаданым участку адсутнічае абсталяванае тратуарнае пакрыццё, а па суседстве размешчаная гімназія №6, што з'яўляецца фактарам падвышанай рызыкі для жыцця і здароўя навучэнцаў.

Аўтары звароту патрабуюць ад брэсцкіх уладаў прыняць меры і прывесці ў належны стан дарожнае пакрыццё названых участкаў, а таксама прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці асоб, якія дапусцілі парушэнне заканадаўства.

Зрэшты, разлічваць на кардынальнае рашэнне «дарожнага» пытання наўрад ці выпадае. Як заявіў намеснік генеральнага дырэктара КУМПП «Брэсцкае гарадское ЖКГ» Аляксандр Ільяшук, з 356-ці кіламетраў асфальтаваных дарог у горадзе 80% ужо пратэрмінавалі ўсе гарантыйныя тэрміны эксплуатацыі і даўно патрабуюць капрамонту. На прэтэнзіі ж па якасці ўборкі дарог у зімовы час у прымежным Брэсце (у параўнанні з сітуацыяй у суседняй Польшчы) чыноўнік толькі панаракаў: «Магчыма, там крыху іншыя тэхналогіі. Палякі дадаюць у сумесі антызаледзяняльнікі лепшай якасці. Яны багацей за нас жывуць, чаго ўжо там казаць... » Так што, міф пра тое, што ў Беларусі - добрыя дарогі, цяпер сыходзіць у мінулае.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках