9 лiстапада 2024, Субота, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея патрабуе МАЗ і «Гродна Азот» за кантрабанду растваральнікаў

170
Расея патрабуе МАЗ і «Гродна Азот» за кантрабанду растваральнікаў

Беларускія прадпрыемствы могуць стаць кампенсацыяй за страты расейскага бюджэту ад кантрабанды растваральнікаў.

Пра гэта заявіла крыніца, знаёмая з ходам перамоваў наконт стварэння сумесных прадпрыемстваў на базе МАЗа і «Гродна Азота», паведамляе «Інтэрфакс».

Аднак, адзначыў ён, расейскі бок пакуль што не чакае сур'ёзных прарываў у перамовах з Беларуссю па гэтых пытаннях у рамках Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, пасяджэнне якога пройдзе ў пятніцу.

«Расея ў выніку праблемы з растваральнікамі панесла істотную шкоду. Расейскі бок разумее, што грошай ад Беларусі ён не атрымае, таму гаворка ідзе пра тое, каб беларускі бок стаў больш падатлівым у перамовах па стварэнні сумесных прадпрыемстваў», - сказаў ён.

Для дасягнення якіх-небудзь дамоўленасцяў неабходная адпаведная падрыхтоўка з боку дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў Беларусі.

«У расейскага боку ёсць інфармацыя, што ні па адным з праектаў, па якіх пачаліся перамовы, не адбылося ніякага зруху. Не думаю, што ў ходзе ВДС нешта зменіцца», - дадала крыніца.

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка ўжо правёў перамовы з віцэ-прэм'ерам Расеі Аркадзем Дварковічам.

Прадстаўнік апошняга пацвердзіў факт перамоваў, але ад якіх-небудзь далейшых каментароў адмовіўся.

Нагадаем, Расея і Беларусь у канцы мінулага года не змаглі падпісаць індыкатыўны баланс паставак нафты і нафтапрадуктаў на 2013 год. Менск запытвае на 2013 год 23 млн тон нафты, расейскі бок заяўляў пра гатоўнасць паставіць толькі 18,5 млн тон (сумарна трубаправодным і чыгуначным транспартам). Пры гэтым расейскі бок настойвае на вяртанні 2,1 млн тон нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты, а Беларусь адзначае, што пастаўкі паліва ў заходнім напрамку больш выгадныя.

У канцы снежня 2012 года бакі ўзгаднілі пастаўкі нафты на I квартал у аб'ёме 5,75 млн тон.

Перамовы ўскладняліся канфліктам з Менскам па пытанні растваральнікаў. У 2012 годзе Беларусь паспяхова займалася вытворчасцю на сваіх НПЗ растваральнікаў з расейскай нафты. Гэта сыравіна, згодна з нормамі Мытнага саюза, увозілася бяспошлінна на тэрыторыю краіны. Гатовая прадукцыя атрымлівала, у адпаведнасці з нацыянальнымі тэхрэгламентам, іншы таварны код і код ТН ЗЭД, што дазваляе экспартаваць яе без збірання экспартных пошлін, якія, па міжкраінавым пагадненні, павінны пералічвацца ў бюджэт Расеі. Паводле разлікаў расейскага боку, страты бюджэту дасягнулі $1,5-2 млрд.

Дварковіч у лютым гэтага года падчас свайго візіту ў Беларусь паведамляў, што Расея і Беларусь абмяркоўваюць стварэнне альянсу на базе МАЗа і КАМАЗа, магчымую інтэграцыю «Гродна Азота» з адной з расейскіх кампаній, стварэнне сумесных кампаній на базе ВА «Гомсельмаш» і аднаго з беларускіх прадпрыемстваў мікраэлектронікі.

Напісаць каментар 170

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках