6 траўня 2024, панядзелак, 10:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нажывацца на біядызелі яшчэ прасцей, чым на «растваральніках»

59
Нажывацца на біядызелі яшчэ прасцей, чым на «растваральніках»

Лукашэнка фактычна прызнаў кантрабанду расейскіх нафтапрадуктаў на Захад пад выглядам растваральнікаў.

Аб гэтым ён сказаў у разгорнутым інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі «Мир».

Між тым сам Лукашэнка не бачыць у падобных схемах нічога супрацьзаконнага, перадае «Радыё Свабода».

Лукашэнка ўпершыню публічна адрэагаваў на абвінавачванні з боку Расеі, якая падазрае саюзніка ў экспарце нафтапрадуктаў без аплаты пошліны ў расейскі бюджэт. Паводле яго слоў, шум, які вакол гэтага падняўся, нічога не варты, бо Беларусь калі нешта і зарабіла, то толькі сотую долю адсотка ад даходаў Расеі. Да таго ж Лукашэнка лічыць, што Менск не парушаў заканадаўства ні Расеі, ні Адзінай эканамічнай прасторы, бо гаворка не пра растваральнікі, а пра біядызель. Маўляў, у Расеі цяжка атрымаць чыстае дызельнае паліва па прычыне адсутнасці патрэбнай глыбіні перапрацоўкі, і бізнэсмэны пайшлі праз Беларусь. «Але і так дрэнна», - здзівіўся кіраўнік:

«Што такое біядызель? Мы атрымлівалі ў вас (расейскіх кампаній) высокасярністую салярку, плацілі, як разабраліся зараз, вышэй рынку на 15-20%. Чаму і было выгадна вам прадаваць гэтую салярку. Везлі на нашы заводы, убіралі лішнюю серу, рабілі біядызель і прадавалі. Прадавалі, як аказалася, нямала. І нас пачалі дзяўбаць. За што? За тое, што мы як усе ўзялі тавар у вас, зрабілі тавар і прадалі камусьці, заплаціўшы ўсе падаткі, зборы і г.д».

На думку экспертаў, спроба перавесці увагу з растваральнікаў на біядызель не выпадковая - пры ўсё той жа схеме экспарту з ігнараваннем пералічэння пошлін у расейскі бюджэт западозрыць беларусаў у махлярстве тут складаней. Гаворыць эканамічны аглядальнік Аляксандр Герасіменка:

«Разам з растваральнікамі гэта была добрая і, па сутнасці, легальная шчыліна для бяспошліннага экспарту нафтапрадуктаў. Мяркуйце самі: дадаць 3-5% біяпаліва ў звычайны нафтавы дызель, атрымаць «біядызель», і ўжо пад гэтай маркай мець магчымасць экспартаваць фактычна неабмежаваныя аб'ёмы і не выплочваць пошліну Расеі - гэта проста ідэальная канструкцыя. Таму што растваральнікі, што біядызель - усё гэта ў схеме атрымання даходаў адно і тое ж, так як біядызель таксама не падпадае пад пошліны, якія мы павінны вяртаць Расеі. Больш за тое, біядызель - гэта нават яшчэ прасцейшая і больш легальная схема. Калі, напрыклад, з растваральнікамі могуць быць нейкія спрэчкі - можа, пад маркай растваральнікаў экспартуецца самы звычайны бензін - то з біядызелям усё надзвычай проста: бяры, дадавай меціл эфіравыя кіслоты з рапсавага алею, што вырабляюцца на «Гродна Азоце», і калі ласка, экспартуй бяспошлінна. І значна менш рызыкі, што цябе абвінавацяць у нейкім махлярстве».

Расея яшчэ ўвесну западозрыла беларускі бок у кантрабандзе нафтапрадуктаў пад выглядам бяспошліннай прадукцыі нафтахіміі. Па афіцыйных дадзеных, Беларусь на працягу студзеня-траўня экспартавала растваральнікаў у аб'ёме каля 2,5 мільёна тон на суму 2 мільярды 180 мільёнаў даляраў - пры тым, што патрэбы сусветнага рынка не перавышаюць 1,5 мільёна тон. Біядызель ў гэтай статыстыцы, як адзначае загадчык сектара эканамічнага дэпартамента расейскага Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў, не фігураваў, што не выключае шэрых схем. Калі Беларусь, экспартуючы біядызель, сапраўды нічога не парушала, як сцвярджае Аляксандр Лукашэнка, то чаму ён прадаваўся пад выглядам растваральнікаў?

«Гэта па-ранейшаму складанае пытанне, бо на самой справе важна, якімі далейшымі дзеяннямі беларускі бок будзе паказваць, што нічым падобным ўжо не займаецца. Так што пытанне збольшага застаецца адкрытым. Думаю, Расея чакала нейкіх іншых крокаў, а не толькі спроб апраўдацца. Скажам так, чаканні Масквы былі больш тых дзеянняў, якія мы бачым з боку Беларусі. У любым выпадку - гэта дзеянні некалькіх фактараў. Гэта і аб'ектыўныя прычыны, у выглядзе зніжэння патрэбаў у сырой нафце з-за рамонту на Мазырскім НПЗ, але ёсць і іншы бок. Таму пакуль рана прагназаваць, што будзе далей, таму што цікава паслухаць афіцыйныя каментары пасля заяў Лукашэнкі. Бо адсутнасць каментароў, натуральна, нараджае глебу для спекуляцый, у адсутнасці дадатковай інфармацыі розныя думкі ўзнікаюць у назіральнікаў гэтай сітуацыі», - кажа эксперт.

Аналітыкі адзначаюць, што Расея, якая губляе ад сумніўных гандлёвых схем саюзніка мільярды даляраў, не хоча моцна педаліраваць тэму беларускай кантрабанды. У такім выпадку давядзецца прызнаць, што інтэграцыйныя структуры тыпу Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы або Еўразійскай эканамічнай прасторы выкарыстоўваюцца для несумленнай гульні. А з такім рэнамэ спробы прывабіць у наддзяржаўныя канструкцыі новых членаў наўрад ці будуць мець плён.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках