2 траўня 2024, Чацвер, 9:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парадоксы луканомікі: беларускія тавары дома даражэй, чым за мяжой

160
Парадоксы луканомікі: беларускія тавары дома даражэй, чым за мяжой

Міністэрства эканомікі афіцыйна пацвярджае, што айчынны тавар за мяжой прадаецца танней, чым дома.

Такі парадокс, зрэшты, абывацель выявіў яшчэ ў мінулым годзе: беларусы, напрыклад, з камандзіроўкі ў Маскву прывозілі дадому гарсэтныя вырабы знакамітай менскай «Мілавіцы», перадае ВВС.

«Выпадкова ўбачыла знаёмы брэнд на шыльдзе, зайшла - бацюшкі, ды выбар большы, чым у нашых фірмовых, а кошты менш. І распродажы такія, што нам тут не снілася», - не хавае задавальнення турыстка з Менска, якая пабывала ў Расеі.

Беларускія тэлевізары за мяжой прадаюцца на 16% танней, чым дома. Планава стратным у 2013 пазначаны экспарт халадзільнікаў і пральных машын. Айчынныя гарэлку, мяса, курыныя яйкі беларусу таксама больш выгадна б купляць за мяжой - толькі за мяжу, як у суседні гастраном, не збегаеш.

Алей мясцовай вытворчасці для беларусаў прапануецца па 1081 даляраў за тону, а на экспарт - па 174,2 даляра за тону. Тону сметанковага масла, напрыклад, на ўнутраным рынку мінэканомікі ацаніла ў 5392 даляраў, але на знешнім - 3600 даляраў.

Між тым сабекошт вырабленай у Беларусі тоны сметанковага масла, па падліках эканаміста Леаніда Злотнікава, у мінулым годзе складаў 6-7 тысяч даляраў.

Сабе ў страту?

Вытворчасць сельгаспрадукцыі, паводле ацэнак эканамістаў, стратная, але Беларусь пастаўляе на сусветны рынак 10% жывёльнанага масла (3-е месца ў свеце), 7% сыру (4-е месца).

Лукашэнка не аднойчы тлумачыў беларусам, што замежны рынак харчавання прыносіць краіне валюту і здольны прыняць яшчэ больш беларускага тавару.

Любімы гатунак айчыннага сыру, між тым, знойдзеш не ў кожным менскім гастраноме, а прадаўцы паліто і трыкатажу па сакрэце раскажуць, што мясцовыя заяўкі на папулярныя тавары задавальняюцца з перабоямі: прадпрыемствам давераныя планы па экспарту, «шыюць на замежжа».

Яшчэ год таму віцэ-прэм'ер Сяргей Румас прызнаў, што ў беларускіх крамах зазстаюцца рызыкі абмежаванага асартыменту тавараў, кошты на якія за год адчувальна падраслі.

На думку шэрагу эканамістаў, адносная таннасць беларускага тавару на знешніх рынках «кампенсуецца» вытворцам за кошт унутраных коштаў на розныя групы тавараў і паслуг.

Кіраўнік цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка заклікае, зрэшты, не спрашчаць сітуацыю.

«Экспартныя кошты адрозніваюцца ад унутраных таму, што адрозніваецца наменклатура тавараў - у далёкія краіны не павязеш малако, напрыклад, але ідуць прадукты перапрацоўкі малака, тыя ж сыры. Да таго ж у экспартным кошце не ўлічваецца ПДВ - 18-20%. Ну, не павінен жа французскі шафёр, які есць беларускае сала, плаціць падаткі ў беларускі бюджэт», - тлумачыць асновы коштавай палітыкі Леанід Заіка.

Пры фарміраванні ўнутраных коштаў урад улічвае, што за мінулы год у краіне ў 1,2 разы павялічылася рэальная заработная плата, а рэальныя даходы насельніцтва выраслі на 3 мільярды даляраў.

Але, як падкрэслівае эканаміст Леанід Злотнікаў, 53% заробленага насельніцтва выдаткавала на харчаванне і алкаголь, якія падаражэлі, а амаль палову прыросту сваіх даходаў накіравала ў банкі, не прад'явіўшы адпаведны попыт на таварных рынках.

«Чаканне чарговай інфляцыі і дэвальвацыі вызначае пакупніцкія настроі беларусаў», - адзначае Злотнікаў.

Цяжкі год

«Эканамічная сітуацыя ў Беларусі застаецца хісткай, і адмова Лукашэнкі ад структурных рэформаў стварае верагоднасць таго, што краіна ўступіць у новы эканамічны крызіс у 2013 годзе», - заўважае дырэктар нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клэпер у апублікаваным на днях штогадовым дакладзе аб сучасных пагрозах.

Беларускія эксперты сярод актуальных пагроз называюць праблему знешнеэканамічнай раўнавагі. У 2013 годзе Беларусь павінна вярнуць 3,1 млрд дал па знешніх пазыках.

«Сітуацыя на валютным рынку вызначаецца не толькі абавязкамі дзяржавы, але і велічынёй выплат пазыкі на працягу года ўсімі суб'ектамі гаспадарання -10,5 млрд дал на кастрычнік мінулага года, без уліку гандлёвых крэдытаў. У цэлым адток валюты з краіны складзе прыкладна 18,5 млрд даляраў», - прагназуе Леанід Злотнікаў.

Без прытоку валюты стане немагчымым падтрыманне стабільнага курсу даляра, а значыць, яшчэ больш затратнай апынецца вытворчасць энергаёмістай і шмат у чым завязанай на імпартныя камплектуючыя беларускай прадукцыі, падкрэсліваюць эксперты.

Значны рост імпарту прамежкавых і спажывецкіх тавараў у новым годзе адзначыў на пасяджэнні прэзідыума Саўміна 12 сакавіка намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў. Лукашэнка загадаў МЗС займацца зарабляннем валюты, і цяпер гэтае ведамства патрабуе ўзмацніць кантроль за імпартам.

«У гандлі таварамі сфармавалася адмоўнае сальда - каля 100 млн. даляраў», - канстатаваў Гур'янаў, адзначыўшы, што выцягнуць знешнегандлёвае сальда атрымалася за кошт экспарту паслуг, 50% якіх складаюць транспартныя.

Кошт і палітыка

У запланаваныя беларускім урадам таварныя патокі ўсё часцей умешваецца вялікая палітыка. І калі дзейснасць прымененых Захадам да афіцыйнага Менска эканамічных санкцый беларускія назіральнікі называюць не занадта эфектыўнай, то крокі саюзнай Расеі і партнёраў па АЭП падкрэсліваюць неканкурэнтназдольнасць беларускай эканамічнай мадэлі.

«Расея, напрыклад, ужо забяспечвае сябе мясам. Зараз Расея ў СГА, і беларус, купляючы дома мяса па 80 тысяч за кілаграм, у Расеі можа купіць такое ж у два разы танней. Зусім нядаўна «мясныя» аўтацягнікі і электрычкі бясконцым патокам ішлі з Беларусі на ўсход, але ў мінулым, 2012 годзе, мы завезлі з Расеі мяса удвая больш, чым у 2011, на 68% больш маргарыну, які вырабляем і самі, у 10 разоў больш пшаніцы. Там танней», - распавядае кіраўнік цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

«А параўнайце заробкі! Сярэдні за снежань, па маіх падліках, 1215 даляраў у Расеі, 849 даляраў у Казахстане і 550 даляраў у Беларусі. Беларус, дурашка, глядзі і думай, чаму ты сядзіш тут», - заўважае Заіка.

Міністэрства эканомікі, зрэшты, абяцае беларусам, што на працягу года іх зарплаты вырастуць на 7,1%, інфляцыя не перавысіць 12%, а курс даляра застанецца практычна ранейшым - 8950 рублёў супраць сённяшніх 8550 рублёў за даляр.

Напісаць каментар 160

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках