28 снежня 2024, Субота, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шведскі пілот Мазэцці: Мы нічога не баімся

23
Шведскі пілот Мазэцці: Мы нічога не баімся

Прадстаўнікі Studio Total упэўненыя, што шведскія ўлады не экстрадуюць іх у Беларусь.

Прадстаўнікі шведскай рэкламнай кампаніі Studio Total, якая арганізавала ў ліпені 2012 года «плюшавы дэсант» над тэрыторыяй Беларусі, не хвалююцца з нагоды пачатага Генпракуратурай Швецыі расследавання справы аб незаконным перасячэнні літоўска-беларускай мяжы.

Пра гэта заявіў БелаПАН адзін з удзельнікаў «плюшавага бамбавання» Томас Мазэцці.

«Шведская пракуратура ўжо адзначала, што пакаранне, калі такое будзе, пагражае нам толькі ў выглядзе невялікага штрафу. Мы не баімся, што шведскія ўлады экстрадуюць нас у Беларусь, мы ўпэўненыя, што гэтага не адбудзецца», - сказаў Мазэцці.

Генеральная пракуратура Швецыі 19 сакавіка абвясціла аб пачатку расследавання па справе аб незаконным перасячэнні ў пачатку ліпеня 2012 года літоўска-беларускай мяжы самалётам, якім кіраваў шведскі экіпаж.

У пачатку студзеня 2013 года літоўская Генпракуратура, якую беларускія ўлады заклікалі расследаваць інцыдэнт, заявіла, што правяла ўсе магчымыя дзеянні ў рамках крымінальнага працэсу, а далейшы крымінальны пераслед магчымы толькі ў Швецыі. Літоўскія пракуроры прызналі падазраванымі двух чалавек, жыхароў Швецыі. У сувязі з гэтым Літва звярнулася ў кампетэнтныя органы Швецыі з просьбай працягнуць крымінальнае расследаванне.

«У адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі паміж Швецыяй і Літвой існуе прававая база для правядзення расследавання шведскім бокам, улічваючы тое, што гаворка ідзе пра шведскіх грамадзян», - гаворыцца ва ўчорашняй заяве шведскай Генпракуратуры.

Варта адзначыць, што раней у бюро пракурора Стакгольма заяўлялі, што шведская юстыцыя не мае прамога дачынення да справы аб «плюшавым дэсанце», паколькі інцыдэнт адбыўся за мяжой.

«Я не маю паняцця, у чыёй юрысдыкцыі знаходзіцца дадзеная справа. Я не ўпэўнены нават, што пракуратура Швецыі змяніла сваё рашэнне не брацца за яе. Усе гэтыя юрыдычныя пытанні вельмі заблытаныя», - падсумаваў Мазэцці.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менска больш за 800 плюшавых медзведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што ваенныя і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы, па дадзеным факце была ўзбуджаная крымінальная справа.

13 ліпеня ў рамках расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Пазней стала вядома пра затрыманне рыэлтара Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі або планавалі здымаць жыллё.

31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў кіраўніка Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Змітра Пахмелкіна.

1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, пасля чаго выбухнуў беларуска-шведскі дыпламатычны скандал. 17 жніўня КДБ змяніў Сурапіну і Башарымаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

У лютым 2013 года старэйшы прапаршчык памежслужбы, не паведаміў ваенным пра перасячэнне мяжы шведскім самалётам раніцай 4 ліпеня 2012 года, прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Нагадаем, шведы таксама сталі лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі Хартыі'97 у галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках