5 траўня 2024, Нядзеля, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Помнік Алексію II паставяць на месцы забойства Язафата Кунцэвіча

94
Помнік Алексію II паставяць на месцы забойства Язафата Кунцэвіча

У Віцебску на Успенскай горцы, на плошчы каля Свята-Успенскага кафедральнага сабора, пачаліся работы па ўсталяванню помніка ў гонар патрыярха Алексія II.

Вышыня бронзавай фігуры патрыярха разам з гранітным пастаментам складзе каля 5 метраў.

Характэрна, што на месцы ўсталявання помніка ў 1623 годзе быў забіты ўніяцкі арцыбіскуп і вядомы царкоўны і палітычны дзеяч Вялікага княства Літоўскага Язафат Кунцэвіч, прылічаны Папам Рымскім Урбанам VIII да ліку святых.

Вядомы мастацтвазнаўца і гісторык Сяргей Харэўскі ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў, што гэтая спроба «заслупаваць» месцы памяці іншых канфесій ні да чаго добрага не прывядзе.

«Я лічу, што ўсё можа мяняцца. На самай справе, помнікі існуюць толькі ў нашай свядомасці. І калі мы не аднаўляем іх у масавай свядомасці, у народнай памяці, яны паміраюць. Сёння можна падысці да помніка Калініна ў Менску і спытаць у першых ста чалавек, хто ён такі, я не думаю, што людзі ўспомняць. Так выйшла, што абсалютная большасць сёння ў Віцебску не ведае, хто такі Язафат Кунцэвіч, але дапушчу думку, што праз 10-20 гадоў мала хто будзе ведаць, хто такі Алексій II, помнік якога там ставяць. Такім чынам, я разглядаю гэтую сітуацыю спакойна. Хацелася б, каб гэты помнік быў прыгожым і не сапсаваў знешні выгляд горада. Месца для ўшанавання Святога Язафата Кунцэвіча, я думаю, у Віцебску заўсёды можна знайсці.

Вельмі прыкра, што вакол гэтага шмат палітыкі. Я не думаю, што, напрыклад, калі б на месцы пакутніцкай смерці Святога Язафата Кунцэвіча стаяў крыж, у Віцебску бы зменшылася колькасць праваслаўных. Вось гэтая спроба «заслупаваць» хутчэй месцы памяці іншых канфесій, неяк перайначыць гісторыю, навязаць так хутка, так аўральна нейкія іншыя каштоўнасці, ні да чаго добрага не прывядзе», - сказаў гісторык.

Гісторык лічыць, што было б разумней выкарыстоўваць бюджэтныя грошы не на ўсталёўку ідалаў, а на аднаўленне разбураных храмаў.

«І самае прыкрае, што тычыцца Віцебшчыны, у кожным раёне па некалькі разбураных храмаў. У Чашніцкім раёне разваліны ў вёсцы Белая царква, у вёсцы Пачаевічі. Куды ні паедзеш па Беларусі - разбураныя святыні. Я думаю, што для ўсіх, у тым ліку для праваслаўных, было б разумней выкарыстаць гэтыя сродкі не на ўсталёўку ідалаў, а на аднаўленне храмаў, а ўжо пасля падумаць каго і як варта ўшаноўваць. Алексій II не прылічаны нават праваслаўнай царквой да ліку святых. Відавочна, гэта паспешнае рашэнне. Паўтару, што месцы памяці існуюць у нашай свядомасці. Калі мы будзем пра іх казаць, рэкламаваць, тлумачыць, тады яны будуць. Калі няма, то гэтыя помнікі будуць паміраць, нават стоячы на сваіх месцах», - сказаў на заканчэнне гісторык.

Фота: «Народныя навіны Віцебску»

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках