ААН расследуе ўжыванне хімічнай зброі ў Сірыі
7- 21.03.2013, 18:00
Міжнародная арганізацыя правядзе незалежнае расследаванне магчымага выкарыстання хімічнай зброі ў Сірыі.
Цяпер вядзецца праца вызначэння задач і складу будучай місіі, паведамляе сайт ААН.
У сувязі з гэтым кіраўнік арганізацыі Пан Гі Мун вядзе перамовы з кіраўнікамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Арганізацыі забароны хімічнай зброі.
Ён нагадаў, што ўжыванне хімічнай зброі кожным з бакоў пры ўсялякіх абставінах будзе ўяўляць сабой жахлівае злачынства.
«Учора я атрымаў афіцыйны запыт ад сірыйскіх уладаў, якія просяць аб накіраванні спецыялізаванай, бесстаронняй і незалежнай місіі для расследавання меркаванага прымянення хімічнай зброі», - паведаміў кіраўнік ААН сёння на прэс-канферэнцыі.
«Місія расследавання зоймецца канкрэтным інцыдэнтам, даведзеным да майго ведама ўрадам Сірыі», - падкрэсліў Пан Гі Мун.
Нагадаем, пачынаючы са снежня мінулага года ў СМІ неаднаразова з'яўляліся паведамленні аб выкарыстанні хімічнай зброі войскам краіны.