29 снежня 2024, Нядзеля, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Італіі запісаўся ў лабісты Лукашэнкі

40
Амбасадар Італіі запісаўся ў лабісты Лукашэнкі

Амбасадар Італіі ў Беларусі Арнальда Абеці вырашыў стаць чарговым «адвакатам д'ябла».

На пытанне беларускіх журналістаў, як ён ставіцца да таго, што міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея могуць выключыць са спісу асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ, амбасадар Італіі ў Беларусі Арнальда Абеці адказаў:

«Я вельмі паважаю спадара Макея, лічу яго разумным чалавекам. Мяркую, што яму трэба дазволіць ўезд у ЕЗ, каб была магчымасць вядзення дыялогу».

На ўдакладняючае пытанне, з'яўляецца гэтае выказванне яго асабістым пунктам гледжання або пазіцыяй Італіі, Абеці падкрэсліў:

«Думаю, што пазіцыя Італіі, і не толькі Італіі, менавіта такая».

Ён адзначыў, што працягваючы настойваць на вызваленні палітвязняў, ЕЗ таксама шукае «і іншыя каналы для выпраўлення сітуацыі, якая нікому не прыносіць карысць», піша БелаПАН.

«Я згодны з меркаваннем аб тым, што ўсё ж неабходны дыялог. Гэта не азначае, што я не бачу існуючых негатыўных момантаў, але так як я арыентуюся на пошук рашэння, якое задаволіць абодва бакі, то я на баку захавання крытычнага дыялогу. Нельга закрываць дзверы, неабходна выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасці. Але вызваленне палітвязняў абавязкова павінна адбыцца», - падкрэсліў Абеці.

Дыпламат нагадаў, што да таго, як была жорстка разагнаная акцыя пратэсту пасля выбараў 19 снежня 2010 года, Беларусь і Еўразвяз вялі даволі паспяховы дыялог. Па гэтай прычыне цяпер Еўразвяз «асцерагаецца рабіць нейкія крокі і дзеянні да таго, як будуць адпушчаныя палітвязні», заявіў амбасадар Італіі.

«Сама ідэя, што падобныя падзеі могуць зноў паўтарыцца, успрымаецца вельмі негатыўна», - сказаў Абеці.

Гаворачы пра двухбаковыя беларуска-італьянскія адносіны, дыпламат назваў іх «у цэлым добрымі». «Ёсць перашкоды палітычнага характару, пра якія ўсе ведаюць і якія на афіцыйным узроўні затармазілі развіццё адносін, - сказаў Абеці. - Але ні ў якім выпадку яны не замарозілі стасункі паміж людзьмі. У 2012 годзе Італія выдала больш за 40 тысяч віз, з іх 18 тысяч - дзецям, якія прыязджаюць па аздараўленчых праграмах».

Нагадаем, за апошні час еўрапейскія лабісты Лукашэнкі актыўна прасоўваюць ідэю адмены візавых санкцый у дачыненні да кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея.

Што тычыцца Італіі, то раней інтарэсы Лукашэнкі ў Еўропе актыўна адстойваў скандальна вядомы былы прэм'ер-міністр Італіі Сільвіо Берлусконі. Даволі хутка яму давялося сысці ў адстаўку.

Фота - zn.by

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках