20 красавiка 2024, Субота, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнес на крыві

24
Бізнес на крыві

Беларускі рэжым спрабуе выратавацца ад санкцый з дапамогай лабістаў з еўрапейскіх бізнес-структур.

Учора на Беларускім тэлебачанні ў праграме «Тыдзень» былі паказаны нейкія ўдзельнікі асацыяцыі еўрапейскіх прадпрымальнікаў Businesseurope, якія заявілі «занепакоенасць палітычна ангажаваным поглядам ЕЗ на беларускае пытанне».

Такое меркаванне выказалі прадстаўнікі Латвіі, Літвы, Італіі, Вялікабрытаніі і Швейцарыі.

«Я лічу, што еўрапейскія заканадаўчыя органы, якія адказныя за ўвядзенне якіх-небудзь санкцый, павінныя перагледзець свае пазіцыі. Шматлікія германскія прадпрыемствы ўжо маюць сумесныя вытворчасці з Беларуссю. Але я лічу, што нам яшчэ ёсць куды развівацца. Мы проста абавязаныя выкарыстоўваць гэты патэнцыял», - адзначыў старшыня аб'яднання нямецкіх эканамічных консульстваў Берліна-Брандэнбурга Інга Беетц.

Кіраўнік інвестыцыйнай кампаніі, сябар кіраўніцтва Кансерватыўнай партыі ў Паўднёвай Англіі Сайман Х'юм Кэндэл пайшоў яшчэ далей і заявіў: «Я абсалютна ўпэўнены: няма недахопу правоў і свабод у Беларусі. Перакананы, што інфармацыя Еўразвяза аб Беларусі татальна памылковая. У нас цяпер ёсць прадстаўніцтва ў Еўропе на самым высокім дзяржаўным узроўні. З дапамогай МЗС мы павінныя праводзіць мноства сустрэч і тлумачыць, даказваць, каб дапамагчы Беларусі быць зразуметай ў Бруселі. Каб дамагчыся прызнання гэтых санкцый няправільнымі. І таму я б хацеў заявіць: жыхары Беларусі, ведайце, тое, што зараз адбываецца ў адносінах да вас і вашай краіны, - гэта цалкам неапраўдана і несправядліва».

Пракаментаваць гэтыя заявы сайт charter97.org папрасіў незалежных экспертаў, палітвязняў і іхніх сваякоў.

Ірына Багданава, сястра палітвязня, кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава:

«Эканамічныя санкцыі, якія разглядае Еўразвяз, ні ў якім разе не закранаюць эканоміку краіны. Яны накіраваныя толькі на той бізнес, які папаўняе кішэню Лукашэнкі і ягонай зграі. Пефціеў - чалавек, які гандлюе зброяй. Гэта зусім амаральны бізнес. Чыж спансіруе рэжым Лукашэнкі на працягу многіх гадоў. Нікому невядомы Сайман Х'юм Кэндэл з Паўднёвай Англіі пераследуе свае ўласныя інтарэсы, і проста плюе на еўрапейскія каштоўнасці, выступаючы ў падтрымку дыктатуры, дзе людзей кідаюць у турмы за іхнія перакананні, падвяргаюць катаванням і здзекаванням.

Сумна, што на 18-м годзе дыктатуры ў Еўропе знаходзяцца яе лабісты. Амаральна бізнесмэнам займацца лабізмам дыктатуры. У той час як урад Вялікабрытаніі займае прынцыповую і паслядоўную пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, такія людзі ставяць свае шкурныя інтарэсы вышэй за каштоўнасці правоў і свабод чалавека».

Павел Марыніч, бізнесмэн, сын палітвязня Міхаіла Марыніча:

«Перадача на БТ цалкам ангажаваная і выказванні «бізнесменаў» даволі дзіўна выглядаюць на фоне таго, што адбываецца ў Беларусі. У краіне, дзе эканоміка працуе не па законах, а па ўказах дыктатара, дзе існуе ні каму не зразумелая ў свеце сістэма фінансавага ўліку, адсутнічаюць незалежныя суды і аўдыт, немагчыма весці цывілізаваны, празрысты бізнес. Плён лукашэнкаўскай эканомікі-цуду годна ацэнены сусветнымі рэйтынгавымі і фінансавымі агенцтвамі, ды і пазіцыя МВФ яскравае таму пацверджанне. Ні для каго не сакрэт, што ў краінах з гіперінфляцыяй існуюць фірмы, набліжаныя да кіруючых рэжымаў, якія здабываюць звышпрыбыткі за кошт інфляцыйных працэсаў і множнасці курсаў. Верагодна, дадзеныя абаронцы рэжыму Лукашэнкі хочуць лавіць рыбу ў каламутнай вадзе, у надзеі на годныя «адкаты» ад такога супрацоўніцтва з дыктатурай».

Павел Усаў, Беларускі Цэнтр Еўрапейскіх Даследаванняў:

«Калі б «прадстаўнікі еўрапейскіх справавых колаў» з гэткай упартасцю, з якой яны абараняюць свой бізнес у Беларусі, абаранялі правы чалавека, падкрэслівалі неабходнасць спынення рэпрэсій, сітуацыя ў рэспублікі магла б змяніцца ў самыя кароткія тэрміны. У прынцыпе, гэта датычыцца і іншых недэмакратычных краін. Чаму бізнесмэны не абураюцца з нагоды санкцый у дачыненні да Сірыі ці Ірана, але раптам загаварылі аб палітычнай ангажаванасці еўрапейскіх санкцый у адносінах да Беларусі? Прычына ў адным - у адсутнасці адзінай пазіцыі ўсіх еўрапейскіх краін па дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Калі б сябры ЕЗ у адзін голас заяўлялі аб неабходнасці ціску на беларускі рэжым, як гэта рабілася ў дачыненні да Кадафі, робіцца ў дачыненні да Асада і іранскіх уладаў, то ніякі бізнес, нават самы буйны, не адважыўся б рабіць падобныя заявы.

Аднак, нядаўняя гісторыя паказвае, што ёсць група краін, якая гатова весці як эканамічны, так і палітычны дыялог з рэжымам Лукашэнкі, не звяртаючы ўвагу на пагаршэнне сітуацыю з правамі чалавека: гэта Літва, Латвія, Славенія, Італія збольшага Германія. Не выключаю, што палітычныя рашэнні ў гэтых краінах могуць прымацца пад ціскам бізнес-груп, і Беларусь у гэтым з'яўляецца паказальным прыкладам».

Аляксандр Атрошчанкаў, былы палітвязень, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

«У тым, што некаторыя прадстаўнікі еўрапейскага бізнесу выступаюць супраць узмацнення палітыкі Еўразвяза, няма нічога нечаканага і новага. Бізнес вельмі рэдка думае аб нечым, акрамя імгненнай выгады, і яшчэ радзей думае аб правах чалавека. Аднак такія падыходы, як паказвае гісторыя, прыводзяць да жахлівых наступстваў. Вядома ж, мы ўсе спадзяемся, што сквапнасць і беспрынцыповасць не стане вызначальным напрамкам у палітыцы Еўразвяза. Гэтыя людзі не прадстаўляюць інтарэсы Еўразвяза, тым больш, яны зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь заставалася краінай ізгоем з шырокімі магчымасцямі для «шэрых» і карупцыйных схем. Дазваляць ім вызначаць палітыку Еўропы было б няправільна».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках