2 траўня 2024, Чацвер, 22:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рэгіёнах пачаліся арышты апазіцыянераў

13
У рэгіёнах пачаліся арышты апазіцыянераў

Па дарозе з Полацку затрыманы актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Уладзімір Капелькін, якому днямі споўніцца 18 гадоў.

Маршрутку, у якой Капелькін накіроўваўся ў Менск, спыніла ДАІ на выездзе з Полацку. У яе ўвайшоў чалавек у цывільным і затрымаў маладзёна. У той жа час іншы актывіст БХД, які таксама накіроўваўся на Менск, паехаў далей.

Цяпер Уладзімір Капелькін знаходзіцца ў аддзяленні міліцыі. Афіцыйная прычына ягонага затрымання ў тым, што ён «як непаўналетні адзін без бацькоў адправіўся ў далёкую дарогу», паведамляе прэс-служба БХД.

Як піша ПЦ «Вясна», напярэдадні Дня Волі рэгіянальных актывістаў выклікалі на «размовы» у міліцыю. Так, грамадскаму актывісту з горада Бярозаўка і рэгіянальнаму каардынатару руху «За свабоду» Сяргею Трафімчыку 22 сакавіка патэлефанаваў начальнік Лідскага РАУС і папрасіў з'явіцца на гутарку. 23 сакавіка высветлілася, што кіраўніка мясцовай міліцыі няма на месцы, таму актывісту выпісалі позву з’явіцца ў РАУС 24 сакавіка. У позве не было нічога пазначана - ні паводле якой справы ён выклікаецца, ні ў якасці каго. Сяргей Трафімчык, заехаўшы ў Лідскі РАУС, пакінуў у кнізе скаргаў адпаведны запіс аб парушэннях - ён перакананы, што такі выклік з'яўляецца незаконным.

Учора таксама супрацоўнікі міліцыі ў чарговы раз прыйшлі да кіраўніка Слонімскай арганізацыі БХД Івана Бедкі. Сярод міліцыянтаў быў і намеснік начальніка Слонімскага РАУС маёр міліцыі Вадзім Шчурскі.

Маёр міліцыі папярэдзіў Івана Бедку, каб ён «сёння не браў ніякага ўдзелу ў мітынгах у Слоніме». Іван Бедка адказаў, што сёння ён ніякага ўдзелу ў мітынгах браць не будзе. «А вось заўтра абавязкова адзначу Дзень Волі», - адказаў міліцыянтам слонімскі актывіст.

Нагадаем, амаль усе акцыі, прысвечаная 95-м угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, у рэгіёнах забароненыя.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках