4 траўня 2024, Субота, 1:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беластоку напярэдадні Дня Волі зладзілі ўрачысты вечар

Беларусы Падляшша адсвяткавалі 95-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Галоўнае мерапрыемства прайшло 24 сакавіка ў Цэнтры імя Людвіка Заменгофа ў Беластоку, перадае «Радыё Рацыя». На ўрачыстым вечары сабраліся беларусы Беласточчыны. Таксама прыехалі ліцэісты з Бельска-Падляскага і Гайнаўкі. Традыцыйна арганізатары падрыхтавалі невялікія ўзнагароды асобам, якія працуюць для развіцця беларускасці на Падляшшы, у выглядзе бел-чырвона-белых букетаў кветак.

У гэтым годзе ўзнагароды атрымалі: журналіст і каментатар айцец Канстанцін Бандарук, рэжысёр Юрый Каліна і фалькларыст, заснавальнік Музея Малой Айчыны ў Студзіводах Дарафей Фенік.

Вядучы імпрэзы Мікалай Вавранюк зачытаў пасланне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Акрамя таго, адбылася гістарычная прэзентацыя, якую падрыхтаваў Алег Латышонак.

Моладзь з беластоцкіх гімназій і ліцэяў падрыхтавала выступленне з мініяцюрамі памерлага ў гэтым годзе пісьменніка Сакрата Яновіча. На завяршэнні мерапрыемства выступіла гродзенская група «Людзі на балоце».

Старшыня Звяза беларусаў у Польшчы Яўген Вапа падзяліўся з сайтам charter97.org уражаннямі ад сустрэчы, на якой ён выступіў з віншавальнай прамовай.

«Беларусы Падляшша заўсёды жылі з мэтай духоўнай і рэальнай незалежнасці беларускай дзяржавы. Сёння мы адзначаем Дзень Волі не ў першы раз. Гэта свята свабоднай Беларусі, без якой будзе цяжка захоўваць самабытнасць беларускай меншасці за мяжой. 25 сакавіка мы шануем усіх беларусаў, якія змагаліся за незалежнасць 95 гадоў таму.

Так склалася, што 40 дзён таму памёр вялікі чалавек Падляшша Сакрат Яновіч, які заўсёды хадзіў з бел-чырвона-белым значком на лацкане пінжака і якому моладзь прысвяціла тэатральна-літаратурнае выступленне. Таксама вельмі захапляльна выступіў гурт «Людзі на балоце». Гэта была незабыўная сустрэча, якая дала зарад і сілы людзям», - сказаў на заканчэнне Яўген Вапа.

Нагадаем, Дзень Волі ў Польшчы пачалі святкаваць яшчэ пасля Першай сусветнай вайны.

У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя беларускія студэнты ў Варшаве сталі святкаваць гэты дзень, і з тых часоў урачыстасці бесперапынна адбываюцца кожны год.

Сёння, у сувязі са святкаваннем 95-й гадавіны абвяшчэння БНР, у многіх польскіх гарадах лунаюць беларускія нацыянальныя сцягі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках