4 снежня 2024, Серада, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі музыкант: Беларусам неабходна згуртоўвацца

3

Украінскі сьпявак Сяргей Мартынюк вядомы тым, што ў адкрытую паслаў кіраўніка сваёй дзяржавы на тры літары.

24-гадовы палітоляг паводле адукацыі ладзіць у Луцку фэст, прысьвечаны Сьцяпану Бандэры, ды езьдзіць па Ўкраіне з канцэртамі свайго асноўнага гурта «Фіолет», мае шчэ правакацыйны гурт «ТраТаТа», а таксама сольны праект. Сяргей жыва цікавіцца тым, што адбываецца ў суседняй Беларусі. Два гады таму ён нават запісаў песьню на беларускай мове. З дапамогай яе пра «Фіолет» даведаліся ў нас. Любоў атрымалася ўзаемнай: Колос пэрыядычна выступае ў Менску і колькасьць яго прыхільнікаў тут расьце, а ён сам запрашае беларускія каманды на «Бандэрштат». У сакавіку ўкраінскі выканаўца прыехаў да нас, каб даць тры канцэрты. Акрамя беларускай сталіцы ён заехаў у Берасьце і Горадню. Перад нашай размовай Сяргей папярэджвае, што будзе адказваць па-украінску, бо беларускую добра яшчэ не вывучыў, а расейскай не карыстаецца зусім.

- Я да паступленьня ва ўнівэрсытэт у Луцку жыў у Дубно, і чуць расейскую мне там зусім не даводзілася, хіба што па тэлевізары. Ведаў, што ёсьць такія людзі, але яны мне асабіста не трапляліся. Расейскамоўнага чалавека сустрэў упершыню год у 14. На захадзе і ў цэнтры Ўкраіны адсоткаў 70 размаўляюць па-украінску, хоць у абласных цэнтрах большасць расейскамоўных.

- Але ж вашы дзеячы ня тое каб былі задаволены сытуацыяй. Алег Скрыпка, напрыклад, казаў, што ва Ўкраіне адбываецца ледзьве не культурны генацыд.

- Я б не сказаў, што мяне цалкам задавальняе сытуацыя, але крытычнага моманту няма. Пра татальную русіфікацыю гаворка не ідзе: пераважная колькасьць рэклямы ў нас на ўкраінскай, на ўсіх каналах гучыць украінская, музычныя каманды нават з Усходу спрабуюць больш па-украінску сьпяваць. Ёсьць нэгатыўныя моманты ў тым, што з новых падручнікаў па гісторыі выкрэсьліваюць некаторыя старонкі. Закон пра другую дзяржаўную мову можа даць падставы качаць правы ва Ўсходняй Украіне і закрываць там украінскамоўныя школы, але на захадзе краіны такое немагчыма. Наогул жа, няма і блізка таго, каб на ўкраінскую моцна напіралі, і каб ёй пагражала небясьпека, у адрозьненьні ад беларускай сытуацыі. Не зважаючы на ўсе нюансы, дэмакратыі пасьля «Памаранчавай рэвалюцыі» ў нас паболела. Я, напрыклад, маю яшчэ музычны праект «ТраТаТа», у песьні якога адкрыта пасылаю Януковіча.

- І няўжо табе нічога не было за гэту песьню?

- Мясцовыя камуністы панапісвалі ва ўсемагчымыя органы пра «безьмяжак», што адбываецца ў Луцку. Але ўсё, што мне было пасьля гэтага - толькі размовы з міліцыяй. Нічога закінуць яны не маглі. Кліп быў выкладзены ў Інтэрнэце, а таму артыкул пра парушэньне спакоя ў грамадзкіх месцах не маглі прывязаць, бо Інтэрнэт не адносіцца да грамадзкага месца.

- У Беларусі ты адчуваеш татальную русіфікацыю?

- Так. За ўсе свае шэсьць прыездаў ніколі ня чуў беларускай мовы проста на вуліцах, толькі ад калегаў-музыкаў, знаёмых і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый. І ад гэтых беларускамоўных людзей ужо з гады тры не адчуваю запалу, імкненьня зьмяніць сытуацыю. Пытаў у беларусаў, які ў іх палітычны лідэр, а яны ня могуць нічога адказаць. Людзі выходзяць хіба на Дзень Волі ці на Чарнобыльскі шлях, і тое без асаблівай актыўнасьці. З гадоў пяць таму адчуваўся зусім іншы настрой.

- Пазіраючы з боку на гэтую сытуацыю, ці бачыш ты нейкае выйсьце для беларусаў?

- Пры гэтай сытуацыі, напэўна, трэба рабіць стаўку на культуру, больш згуртоўвацца разам. Беларускамоўных можа й меншасьць, але іх варта аб’яднаць разам праз культурніцкія праекты, каб хаця б зьберагчы тое, што ёсьць. Бо пытаньне пра маштабнае разьвіцьцё нацыянальнай культуры ў вас не стаіць. Прынамсі я не ўяўляю, бо кожнае наступнае пакаленьне ў Беларусі нараджаецца пераважна расейскамоўным.

- Паводле тваіх назіраньняў, ці шмат што злучае беларусаў з украінцамі?

- Магу сказаць, што зь іншымі суседзямі не адчуваў такой еднасьці, як зь беларусамі. Ані з палякамі, ані з расейцамі, ані з малдаванамі такога пачуцьця не было. Прыняў і мову беларускую. Асабліва, калі дзяўчаты кажуць па-беларуску, то для мяне гэта проста сэксі. Шмат у чым беларусы з украінцамі падобныя, але беларусы пры тым падаюцца больш стрыманымі, больш суворымі. Яны ў мяне заўжды асацыююцца больш з паўночнымі народамі, бліжэйшымі да скандынаваў.

- Не сказаў бы, што ўкраінцы імкнуцца выступаць у нашай краіне. Чым цябе завабіла Беларусь?

- Пасьля першага выступу ў 2011 годзе ў нас тут зьявілася свая аўдыторыя, няхай сабе пакуль і ня вельмі вялікая. Зь беларускімі слухачамі мы спрабуем падтрымліваць адносіны ўвесь час. Пра камэрцыйны бок гаворка тут пакуль не вядзецца, хутчэй проста пра інтарэс. Пакуль пра прыбытковыя канцэрты і туры магу казаць толькі ў межах Украіны. У нашай краіне тыя гурты, якія працуюць над уласным мэнэджмэнтам, а ня проста робяць зь сябе « геніяў з сутарэньняў», маюць усе шанцы на тое, каб атрымаць дывідэнды.

- Спытаю ў цябе як у чалавека, зьвязанага з арганізацыяй канцэртаў і фэстываляў ва Ўкраіне. Ці могуць беларускія музыканты зацікавіць украінскага слухача?

- Мне здаецца, што беларускія гурты на гэта здольныя. Не скажу, каб зараз ва Ўкраіне творчасьць кагосьці зь беларусаў выклікала вялікі рэзананс, акрамя што «Ляпісаў», якія сталі модным брэндам у пляне музыкі, іміджу і спорту для краінаў СНД. Раблю прамоўшн на сваіх старонках некаторым вашым выканаўцам, як Akute, Паліна Рэспубліка і адчуваю, што ўкраінцам цікавая іх творчасьць. Згадваю выступ тых жа Akute на «Бандэрштаце», які выразна адрозьніваўся ад усіх іншых. Было яўнае адчуваньне, што гэта музыка аднекуль з Эўропы, з правільнай эстэтыкай. У нашай жа музыцы звычайна дзьве скрайнасьці: альбо надта саладжавы поп-рок, альбо нешта бліжэй да «Арии», умоўна кажучы.

- Зь якімі сутыкаешся праблемамі, як адзін з арганізатараў фэсту «Бандэрштат»?

- Украінскія фэстывалі перажываюць цяпер эпоху росквіту. Летась па нашай краіне прайшло некалькі буйных фэстаў з удзелам сусьветных зорак, прыязджалі Linkin Park, Rasmus, Garbage ды шмат іншых. «Бандэрштат» – больш тэматычны фэстываль са сваімі ідэалягічнымі нюансамі і спэцыфічнай публікай, але і мы сябе пачуваем нармальна. Фэст здольны мець камэрцыйны посьпех, больш-менш някепска з падтрымкай спонсараў і уладаў. Хоць фэст названы ў гонар Бандэры, мясцовыя улады нам даюць блізу 50 000 грывен на падтрымку, столькі ж абласная дае ўлада. Сёлета праводзім фэст 3-4 жніўня і як заўжды запрашаем беларусаў яго наведаць. Бел-чырвона-белыя сьцягі заўжды прысутнічаюць на нашым фэсьце.

- Але чаму спонсары і ўлады зацікаўлены ў падтрымцы фэсту?

- Усім цікава зрабіць свой унёсак. У нас багата хто кажа, што вялікая карысьць з таго, што прэзыдэнтам стаў Януковіч, таму што людзі знайшлі чарговую нагоду згуртавацца разам. З гэтага паўстае інтарэс да таго, што ўціскаецца ўладай. Напрыклад, да гісторыі ЎПА (Украінская паўстанцкая армія), згадкі пра якую прыбраныя з падручнікаў па гісторыі. Для захаду гэта была моцная аплявуха і людзі больш жыва сталі праяўляць свой інтарэс. Украінцы – спэцыфічная нацыя, іх могуць пнуць, а яны будуць далей сьмяяцца.

- Свой сольны альбом ты назваў па даце свайго нараджэньня - «28.12.87». Прадстаўляючы праграму, ты сказаў, што гэты ўзрост – самы час вызначыцца з сваімі жыцьцёвымі прыярытэтамі. І якія чынам ты раставіў прыярытэты ў сваім жыцьці?

- У маім жыцьці была сур’ёзная сытуацыя, калі трэба было зьдзейсьніць выбар. Яна ўзьнікла ва ўнівэрсытэце, калі я вучыўся на палітоляга, абсалютна пустой спэцыяльнасьці, хоць да паліталёгіі як да навукі ня маю нічога супраць. Тады я вырашаў, ці ісьці ў напрамку грамадзка-палітычным: пайсьці кандыдатам на выбары ў мясцовую раду ці ўсё ж засяродзіцца на арганізацыі канцэртаў і творчасьці. На сёньня выбар зроблены на карысьць музыкі. Калі ёй займацца ўсур’ёз, то на іншыя заняткі выдаткоўваць час не выпадае.

- У тваім рэпертуары ёсьць беларускамоўная кампазіцыя «Мейсца пакуты». Як на яе рэагуе твая публіка? І ці будзе працяг гэтага беларускага кірунку ў тваёй творчасьці?

- Ва Ўкраіне спэцыфічнае стаўленьне да гэтай песьні. Бо людзі, якія адкрывалі для сябе «Фіолет», не маглі зразумець на якой яна мове. Цікавы момант, што большасьць слухачоў, калі ўпершыню яе чулі, то думалі, што пяецца на расейскай, былі меркаваньні, што польская, але беларускую ідэнтыфікаваць не маглі. Шмат водгукаў пазітыўных было ў СМІ пра тое, што ўкраінскім музыкам неабыякава суседняя краіна. Тыповае пытаньне было: «А што ва Ўкраіне ўсё добра, што вы пра Беларусь пачалі сьпяваць?» (сьмяецца). Што наконт працягу, то хутка мы прэзэнтуем песьню, запісаную разам з моднай беларускай сьпявачкай. Пакуль ня буду раскрываць падрабязнасьці.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter.97.org

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках