3 траўня 2024, Пятніца, 1:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штраф за паленне ў грамадскіх месцах павялічаць

110

Міністэрства аховы здароўя ініцыюе ўзмацненне жорсткасці ў Беларусі мер па супрацьдзеянні паленню.

Пра гэта паведаміла намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭіГЗ) Людміла Наройчык 29 сакавіка на рэспубліканскім семінары «Дзяржаўная палітыка па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў Беларусі» ў рамках 20-га Беларускага медыцынскага форуму ў Менску, піша БелаПАН.

Паводле яе слоў, Міністэрства аховы здароўя, у прыватнасці, зацікаўленае ў распрацоўцы закона або іншага нарматыўна-прававога акта, які будзе рэгуляваць узаемаадносіны ў сферы спажывання тытуню. Аналагічныя законы прынятыя ў Расеі і Украіне.

Чакаецца, што ўвядзенне такога дакумента дасць магчымасць больш паслядоўна рэалізоўваць палітыку па супрацьдзеянні паленню ў грамадскіх месцах. У прыватнасці, плануецца пашырыць спіс месцаў, дзе забаронена паліць, уключыўшы ў яго, напрыклад, прыпынкі грамадскага транспарту. У тых месцах, дзе забарона ўжо дзейнічае, плануецца зрабіць яе поўнай, без агаворак «за выключэннем месцаў, адмыслова прызначаных для палення».

Нагадаем, сёння забарона на паленне дзейнічае ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на аб'ектах гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, на некаторых аб'ектах грамадскага харчавання, у памяшканнях органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і арганізацый, ва ўсіх вакзалах, у аэрапортах, падземных пераходах, на станцыях метрапалітэна, ва ўсіх відах грамадскага транспарту.

Як паведаміла спецыяліст, таксама плануецца выключыць ускоснае стымуляванне продажаў цыгарэт на гандлёвых аб'ектах. Напрыклад, своеасаблівай рэкламай з'яўляецца размяшчэнне цыгарэт над касамі ў крамах.

Па словах Наройчык, Міністэрства аховы здароўя таксама выступае за павелічэнне штрафаў для тых, хто парушае забарону на паленне.

Нагадаем, па дадзеных сацдаследавання 2012 года, у Беларусі паліць 30,5% насельніцтва: 46,8% мужчын і 16,2% жанчын. Як адзначыла загадчыца аддзела грамадскага здароўя РЦГЭіГЗ Вольга Бартман, пры гэтым колькасць пасіўных курцоў можа дасягаць 50% насельніцтва.

Па словах Бартман, вынікі сацдаследавання сведчаць, што каля паловы беларусаў выступаюць за ўзмацненне жорсткасці ў краіне мер па супрацьдзеянні паленню. Самі курцы часта адзначаюць, што шкадуюць аб тым, што ў свой час прыахвоціліся да тытуню.

Напісаць каментар 110

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках