2 траўня 2024, Чацвер, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Год ашчадлівасці»: студэнтам БрДТУ забаранілі карыстацца ноўтбукамі

112
«Год ашчадлівасці»: студэнтам БрДТУ забаранілі карыстацца ноўтбукамі

Кіраўніцтва Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ўвяло ў студэнцкіх інтэрнатах строгую ашчаду.

Унутраным загадам універсітэта ад 4 лютага ў інтэрнатах БрДТУ забаранілі выкарыстоўваць гатавальнікі, мікрахвалёўкі, а таксама асабістыя друкаркі, сканэры. Адміністрацыя мерылася «высмыкнуць з грамадскай разэткі» нават ноўтбукі, піша «Вечерний Брест».

Гэта ўжо не першы акт прынукі да ашчаднасці ў асяроддзі студэнтаў. Дакладна паводле раскладу ўмыкаюць электрычныя пліты: пяць разоў на дзень на гадзіну-дзве. «Такая пастановае была прынятая шмат гадоў таму, - распавядае Цімафей Базянкоў, прарэктар навучальнай работы БрДТУ. - Рэгуляваннем пытання займаецца студрада, якая і склала зручны, найперш для студэнтаў расклад умыкання пліт». На такія захады кіраўніцтва ВНУ падштурхнулі самі студэнты, не выконваючы элементарныя правілы бяспекі, забываючы вымыкаць электрычныя фаеркі, калі тыя «палілі» праз усю ноч. «Пры выкананні правілаў, - сказаў на заканчэнне Цімафей Базянкоў, - мы гатовыя вярнуць суткавае карыстанне плітамі».

У той жа час у мэтах супрацьпажарнай бяспекі і ашчады электраэнэргіі было забаронена карыстацца лядоўнямі, вырабленымі больш за 10 гадоў таму. Цяпер дайшло да колькасці штэкераў на пакой. «Тое, што кожны карыстаецца некалькімі электрапрыладамі ў сваім пакоі, прычыняе перапады напружання ў сетцы, - тлумачыць рэктар ВНУ Пётр Пойта. - У нас арганізаваныя суткавыя дзяжурствы электрыкаў, яны па 8-10 разоў за дзень умыкаюць аўтаматыку». Не дзіва: усе чатыры ўніверсітэцкія інтэрнаты сваім узростам як бацькі цяперашніх студэнтаў: 1966, 1972 і 1986 гадоў пабудовы. Электраправодка там старая і можа вытрымаць, мабыць, выкарыстанне арыфмомэтра «Фелікс» (які не ўмыкаўся ў разэтку), чым кампутараў, мікрахвалевых печаў ды іншых сучасных электрапрылад.

Навацыі кіраўніцтва ВНУ выклікалі абурэнне студэнтаў. Адзін з іх распавёў, што ў першай палове дня працуе і не заўсёды паспявае своечасова прыгатаваць сняданак, каб не спазніцца на службу. Успорвацца раней? Каб жа: самае першае ўмыканне электрычных «бліноў» - з 7.00 да 8.00, так што да гэтага часу няма рацыі з'яўляцца на кухні. Яшчэ надоечы запарыць суп хуткага прыгатавання можна было кіпенем з гатавальніка, дык жа ў лютым іх забаранілі. Прычына ясна выкладзеная ў загадзе: гэта робіцца ў мэтах выканання Дырэктывы № 3 ад 14.06.2007 г. «Эканомія і ашчадлівасць - галоўныя чыннікі эканамічнай бяспекі краіны». Хлопцы наракаюць: але ж у суседнім універсітэце, у педагогаў, усё па-іншаму! Са слоў дырэктара студэнцкага гарадка БрДУ імя Пушкіна Яўгена Мыкуша, пліты ў іхных інтэрнатах сапраўды працуюць бесперапынна з 6 раніцы да паўночы, на ноч у мэтах бяспекі дзяжурны ў інтэрнаце праходзіць і замыкае кухні. Больш за тое, у кожным інтэрнаце БрДУ (а іх, як і ў тэхуніверсітэце, чатыры) ёсць пральныя машыны. Праўда, паслуга платная, але затое не трэба насіць мокрую бялізну з аднаго будынка ў іншы. Для параўнання: у БрДТУ пакуль толькі адзін інтэрнат абсталяваны «пральняй», праўда, паводле лютаўскага загаду, да 1 траўня ў інтэрнаце №2 таксама павінны арганізаваць такі пакой.

Славій Яфіменка, прарэктар адміністрацыйна-гаспадарчай работы БрДТУ, растлумачыў, што адміністрацыя ВНУ разумее жаданне моладзі жыць выгодна і робіць усё магчымае, каб інтарэсы студэнтаў дапасаваць да магчымасцяў універсітэта.

Напісаць каментар 112

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках