2 траўня 2024, Чацвер, 22:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каталікі, уніяты і пратэстанты святкуюць Вялікдзень

36

Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах краіны.

З нагоды Вялікадня мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пастырскім пасланні адзначыў: « Праўда аб Уваскрасенні Хрыста адкрывае перад чалавекам новую перспектыву яго жыцця, у якое ўваходзіць подых вечнасці. Таму апошнім вымярэннем жыцця чалавека з’яўляецца не тленнасць, але вечнасць», перадае БелаПАН.

«Мы павінны быць сведкамі гэтага закліку з мэтай паказваць значэнне Уваскрасення Хрыста ўсім людзям, каб свет паверыў, — настаўляе мітрапаліт Кандрусевіч. — Для гэтага святло Уваскрасення найперш павінна перамяняць нас, каб мы маглі быць яго сведкамі. Наша краіна патрабуе гэтага ажыўляючага святла Езуса Хрыста, які ёсць знакам нашай гісторыі і яе моцай. Наш народ заўсёды чэрпаў сілы з пасхальнай праўды і да яе павінен цяпер прыбягаць, найперш у справе свайго маральнага аднаўлення».

Арцыбіскуп выказвае заклапочанасць тым, што « ў сучасным свеце ўсё больш і больш праяўляецца практычны матэрыялізм і папулярызуецца стыль жыцця без Бога».

« Нярэдка чалавек становіцца як быццам прадметам, так што яго вартасць часта мерыцца рахункам у банку, неўтаймаванай пагоняй за багаццем, здольнасцю арганізаваць бізнес, здароўем ці спраўнасцю дастаўляць прыемнасці і г.д. Да гэтага далучаецца прапаганда лібералізму, уседазволенасці, пазасужэнскага сексу, парнаграфіі, насілля, неабмежаванага спажывецтва і шопінгу. З вялікай хуткасцю далей распаўсюджваецца алкагалізм, наркаманія і чума нашага часу — СНІД», — адзначае мітрапаліт і дадае, што сёння абясцэньваецца значэнне сям`і і нават самога жыцця.

«Духоўным анамаліям сучаснасці неабходна супрацьпаставіць праўду аб годнасці і святасці чалавека як створанага па вобразу і падабенству Божаму і адкупленага цярпеннямі і Уваскрасеннем Хрыста. Каб гэта ўчыніць, трэба мець моцную і непахісную веру, якая выплывае з праўды Уваскрасення», — дадае святар.

Тадэвуш Кандрусевіч адзначае, што для хрысціянскай веры, якая сёння перажывае крызіс, «абвяшчэнне ўваскрослага Ісуса з'яўляецца прынцыповай справай».

Арцыбіскуп звяртае ўвагу на тое, што сённяшні Вялікдзень вельмі знакавы, бо яго святкуюць з новым пантыфікам Францыскам.

Тадэвуш Кандрусевіч таксама нагадаў, што ў гэтым годзе адзначаецца 1700-годдзе Міланскага эдыкту, 1150-годдзе ўвядзення славянскага пісьменства святымі Мяфодзіем і Кірылам, 400-годдзе прыбыцця цудатворнага абраза Багародзіцы ў Будслаў.

Напярэдадні свята мітрапаліт наведаў прыходы Менска, а таксама Ракаў, дзе памаліўся разам з вернікамі і дабраславіў стравы на велікодны стол.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках