11 снежня 2018, aўторак, 10:48
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

У Менску адкрыўся новы офіс ПЦ «Вясна»

13

Першым мерапрыемствам, якое прайшло на новым офісе, стала прэзентацыя справаздачы аб стане правоў чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе.

Грамадзянская прыёмная праваабарончага цэнтра «Вясна» адкрылася ў Менску па адрасе: вул. Мяржынскага, 8-26.

«Наш новы офіс належыць чалавеку, які не з'яўляецца грамадзянінам Беларусі. Мы разлічваем, што зможам у ім працаваць доўгі час. Улічваючы сітуацыю ў нашай краіне, важна, каб гаспадары памяшканняў, якія гатовыя даць іх для дзейнасці такіх арганізацый, як «Вясна», жылі за мяжой Беларусі, каб пазбегнуць пераследу з боку ўладаў. Мы карыстаемся офісам на падставе даверанасці», - сказаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч у інтэрв'ю сайту charter97.org.

На прэс-канферэнцыі былі прэзентаваныя штогадовы агляд-хроніка «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе» і «Агляд па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання». У ёй, акрамя Валянціна Стэфановіча, прыняў удзел былы адвакат Павел Сапелка, які прымаў удзел у падрыхтоўцы другога выдання.

«Мы сёння таксама распавялі пра вынікі нашай дзейнасці, якая не спынялася ўвесь гэты час. Быў зроблены ўпор на аналітычную дзейнасць, у прыватнасці, падрыхтаваны даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выдадзены ў выглядзе брашуры. Гэта вынік маніторынгу, які мы праводзім кожны год.

Што тычыцца дакладу па пенітэнцыярнай сістэме, то ён падрыхтаваны на аснове лістоў звычайных зняволеных з турмаў», - распавёў Валянцін Стэфановіч пра выданні, якія былі прэзэнтаваныя сёння.

Таксама на прэс-канферэнцыі ішла размова пра становішча ў краіне і пра тыя рэпрэсіі, якія праводзяцца беларускімі ўладамі.

«Сітуацыя працягвае заставацца вельмі цяжкай, таму што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года пачаўся моцны рэгрэс у адносінах да захавання правоў чалавека. Усе грамадзянскія і палітычныя правы ў краіне носяць вельмі абмежаваны характар. Законы сталі яшчэ больш рэпрэсіўнымі, чым былі два гады таму. Палітычная дзейнасць практычна немагчымая. Усе крымінальныя справы, якія былі распачатыя ў 2012 годзе, застаюцца адкрытымі. Гэта датычыцца і Антона Сурапіна, і Сяргея Башарымава. Асобна хачу звярнуць увагу на справу Андрэя Гайдукова, якая цалкам зачыненая ад грамадства», - сказаў ён.

Валянцін Стэфановіч на прэс-канферэнцыі падкрэсліў, што галоўным для праваабарончага цэнтра «Вясна» застаецца пытанне вызваленне і рэабілітацыя палітычных вязняў. Ён нагадаў, што 38 былых палітвязняў, якія застаюцца пазбаўленымі правоў. Праваабаронца назваў важнай прынцыповую пазіцыю Еўрапейскага Звяза, для якога вызваленне палітвязняў застаецца галоўнай умовай пачатку перамоваў з афіцыйным Менскам.