27 снежня 2024, Пятніца, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў: «Дыялог» дасць Лукашэнку карт-бланш на 8 гадоў

35
Саннікаў: «Дыялог» дасць Лукашэнку карт-бланш на 8 гадоў

У парламенце Велікабрытаніі прайшлі слуханні на тэму «Перспектывы для Беларусі: Як пазбавіцца ад апошняй дыктатуры Еўропы».

16 красавіка, у Дзень беларускай салідарнасці, у брытанскім парламенце выступіў кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Андрэй Саннікаў. Мерапрыемства было арганізавана Таварыствам Генры Джэксана і вёў яго член Палаты абшчын Велікабрытаніі Джон Віцінгдэйл.

«Стартавы патэнцыял Беларусі пасля атрымання незалежнасці быў не горшы, чым у многіх дзяржаў, якія сёння сталі ўдзельнікамі ЕЗ. У пачатку 1990-х Беларусь заклала трывалыя асновы для ўдзелу ў міжнародных адносінах у якасці паўнапраўнага надзейнага, прадказальнага партнёра. Беларусь зрабіла шмат для ўмацавання міжнароднай бяспекі. Былі зробленыя сур'ёзныя крокі для збліжэння з Еўропай, падпісаныя буйныя пагадненні з Еўразвязам, пададзеная заяўка на ўступленне ў Раду Еўропы. Усё гэта скончылася з прыходам Лукашэнкі да ўлады. З-за яго палітыкі Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая не з'яўляецца сябрам Рады Еўропы», - заявіў Андрэй Саннікаў

Палітык назваў прычыны такога доўгага знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе:

«Калі казаць пра прычыны даўгалецця яго дыктатуры, то адной з галоўных можна назваць тое, што ні мы ў Беларусі, ні міжнародная супольнасць не зразумелі небяспеку рэжыму і своечасова і належным чынам не рэагавалі на яго злачынствы. А іх было досыць шмат: можна ўспомніць беспрэцэдэнтнае збіццё дэпутатаў Вярхоўнага Савета, прыпыненне выканання дамоваў у галіне раззбраення і ядзернай бяспекі, забойства двух амерыканскіх паветраплавальнікаў і таму падобнае», - сказаў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

На думку былога палітвязня, сёння няма сумневаў у характары дыктатуры Лукашэнкі і ставіцца да гэтага рэжыму неабходна адпаведным чынам.

«Еўропа не павінная забываць гісторыю сваіх памылак, звязаных з супакаеннем дыктатараў. Ні ў якім разе нельга заахвочваць дыктатуру на здзяйсненне новых злачынстваў. У Еўропы ёсць усе магчымасці для таго, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў для таго, каб выпрацаваць стратэгію, якая рэальна б уплывала на сітуацыю ў Беларусі. Сёння дыктатарскі рэжым Лукашэнкі аказвае беспрэцэдэнтны ціск на апазыцыю, незалежныя СМІ і журналістаў, праваабаронцаў і наогул на ўсё грамадства. Лукашэнка не здольны ўдзельнічаць у дыялогу і тым больш не пойдзе на ўзаемадзеянне і дыялог унутры краіны - адзінае, пра што мела б сэнс гаварыць.

За сённяшнімі размовамі пра дыялог хаваецца вельмі небяспечны сцэнар. На самай справе, гаворка ідзе пра тое, каб выдаць Лукашэнку мандат яшчэ на 8 гадоў, паколькі любая легітымізацыя дазволіць яму атрымаць рэсурсы для ўтрымання сваёй улады, правесці чарговыя псеўдавыбары ў 2015 годзе, працягваючы пры гэтым знішчаць сваіх апанентаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці», - канстатаваў ён.

Еўропа можа зрабіць шмат для таго, каб сітуацыя ў Беларусі пачалася мяняцца, упэўнены Саннікаў.

«Проста трэба прытрымлівацца тых прынцыпаў, на якіх аб'яднаная Еўропа стваралася. Санкцыі неабходныя, у першую чаргу, для таго, каб вызваліць палітвязняў. Але толькі адны санкцыі не прывядуць да пераменаў. Яны павінны быць складнікам еўрапейскай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Сёння ў нашай сітуацыі неабходная дапамога незалежным медыя, праваабаронцам, дэмакратычнаму руху. Значнай дапамогай была б падтрымка кандыдатуры Алеся Бяляцкага на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру. У сувязі з гэтым я заклікаю дэпутатаў брытанскага парламента падтрымаць яго кандыдатуру сваімі зваротамі ў Нобелеўскі камітэт», - заявіў палітык.

Былы кандыдат у прэзідэнты таксама адказаў на пытанні ўдзельнікаў слуханняў у брытанскім парламенце пра сітуацыю ў Беларусі, магчымыя шляхі яе развіцця, ролю Еўропы і Велікабрытаніі ў адносінах з нашай краінай.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках