4 траўня 2024, Субота, 8:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Лукашэнка зляцеў з дамоўленасцей

65
«Коммерсант»: Лукашэнка зляцеў з дамоўленасцей

Словы беларускага кіраўніка аб тым, што расейскай авіябазы на тэрыторыі краіны нібы не будзе, закліканыя супакоіць НАТА.

Праз два дні пасля заявы міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу аб стварэнні ў Беларусі ваеннай базы Лукашэнка, які знаходзіўся ў той момант з расейскім міністрам, абверг яго словы. Ён сказаў, што гаворка ідзе не пра стварэнне авіябазы, а толькі пра пастаўкі расейскіх самалётаў узброеным сілам Беларусі. Крыніцы «Коммерсанта» ў расейскім ваенным ведамстве сцвярджаюць, што бакі ўжо дасягнулі прынцыповага пагаднення аб стварэнні расейскага аб'екта. Словы ж беларускага кіраўніка, на іх думку, былі закліканыя супакоіць НАТА.

Сяргей Шайгу анансаваў стварэнне авіябазы на тэрыторыі «саюзнай дзяржавы» падчас свайго аднадзённага візіту ў Менск 23 красавіка. Паводле яго слоў, бакі прыступілі да разгляду плана па стварэнні ў Беларусі расейскай авіяцыйнай базы з самалётамі-знішчальнікамі. Міністр выказаў надзею, што ўжо да 2015 году там з'явіцца авіяцыйны полк (ён можа быць дыслакаваны ў раёне Баранавічаў). У бліжэйшых планах расейскага ваеннага ведамства - стварэнне на тэрыторыі Беларусі авіяцыйнай камендатуры з пастаўкай у 2013 годзе першага дзяжурнага звяна баявых знішчальнікаў.

Падчас размовы з Шайгу Лукашэнка публічных заяваў адносна размяшчэння расейскай авіябазы ў Беларусі не дапусціў. Рэакцыя на словы міністра рушыла ўслед толькі 26 красавіка. «Што тычыцца авіяцыйнай базы - можа, гэта прагучала як «база». Не. Гаворка ідзе пра пастаўку (самалётаў) ў нашы ўзброеныя сілы, - заявіў у пятніцу беларускі кіраўнік. - Мы купляем расейскія самалёты Су-27, МіГ-29 або больш сучасныя, каб забяспечыць недатыкальнасць межаў нашай дзяржавы. Мне як галоўнакамандуючаму сёння не хапае двух дзесяткаў сучасных самалётаў».

Лукашэнка таксама выказаў задавальненне тым, што Масква і Менск нарэшце дасягнулі згоды па пытанні паставак чатырох дывізіёнаў комплексаў С-300 у Беларусь. «І гэта не яны (расейскія ўлады) прыйшлі да нас, гэта я папрасіў і запатрабаваў ужо даўно, гадоў, відаць, сем таму, каб нам паставілі гэтыя комплексы», - сказаў ён, дадаўшы, што падобная «абарончая» зброя ў Расеі маецца ў рэзерве, а Беларусі яна неабходна.

Па дадзеных выдання, выступленне Лукашэнкі было заклікана змякчыць заяву Шайгу, якая магла справакаваць жорсткую рэакцыю з боку НАТА ў адрас Беларусі. За некалькі гадзін да выступлення, на якое былі запрошаныя не толькі беларускія, але і замежныя журналісты, амбасадар Польшчы ў Менску Лешак Шарэпка заявіў, што яго краіна хоча больш ведаць пра будаўніцтва і размяшчэнне базы. «Кожная краіна можа вырашаць самастойна пытанні абароны, але яна павінна ўлічваць міжнародныя абавязацельствы. Мы маем мала інфармацыі аб расейскай авіябазе, якую збіраюцца размясціць на тэрыторыі Беларусі», - сказаў Шарэпка. Ён адзначыў, што польскі бок пакуль не рабіў дадатковых запытаў з гэтай нагоды: «Мы пачакаем запытаў Літвы і Латвіі». Сам Лукашэнка, крануўшы адносіны Беларусі і Еўропы, заявіў пра гатоўнасць весці дыялог, адзначыўшы, што на Захадзе зразумелі контрпрадуктыўнасць рэжыму санкцыяў і ультыматумаў.

Заявы Лукашэнкі здзівілі расейскіх вайскоўцаў. «Паміж намі былі дасягнутыя дастаткова канкрэтныя дамоўленасці аб размяшчэнні менавіта авіябазы, а зараз заявы нашых беларускіх калегаў выглядаюць як спроба апраўдацца перад трэцімі асобамі за нармальныя адносіны дзвюх краін, - кажа крыніца ў Мінабароны РФ. - Мы не сталі б даводзіць да агульнага ведама гэтую тэму, калі перамовы знаходзіліся б у прамежкавай стадыі. Абодва бакі былі аб гэтым дасведчаныя на самым высокім узроўні». Суразмоўца адзначыў, што расейскім ваенным было неабходна зразумець, наколькі вострай будзе рэакцыя суседніх з Беларуссю краін, якія ўваходзяць у НАТА. «Гэта элемент ваенна-палітычнай стратэгіі, мы павінны разумець усе існуючыя расклады і рызыкі, - кажа суразмоўца. - Акрамя таго, мы абавязаны прыкрываць заходні кірунак не толькі ў рамках АДКБ, але і як члены «саюзнай дзяржавы». Дзіўна, што гэта ў кагосьці магло выклікаць здзіўленне».

Зрэшты, пры стварэнні авіябазы ў Масквы і Менска могуць узнікнуць іншыя праблемы, у прыватнасці заканадаўчага характару. Як заявіў былы прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір, у канстытуцыі Беларусі зафіксаваны нейтральны статус краіны, які не прадугледжвае магчымасці стварэння на яе тэрыторыі замежнай ваеннай базы. Зрэшты, на думку экс-прэм'ера, для «Лукашэнкі такое глупства, як законы, не было ніколі прынцыповай перашкодай». «У дадзенай сітуацыі, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра чарговы гандаль: Менск гандлюецца, дамагаючыся саступак у іншых пытаннях, як, напрыклад, вылучэнне крэдытаў», - выказаў меркаванне экс-чыноўнік.

Афіцыйны Менск пакуль ад каментароў устрымліваецца: кіраўнік прэс-службы МЗС Андрэй Савіных учора паведаміў, што ў яго няма інфармацыі аб перамовах па размяшчэнні расейскай авіябазы на тэрыторыі краіны. У расейскім ваенным ведамстве сітуацыю ўчора афіцыйна не каментавалі.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках