«Здаць стрэльбы і не адчыняць форткі»: у Слонім едзе Лукашэнка
107- 5.04.2013, 12:46
У аўторак, 9 красавіка, Слонімскую камвольна-прадзільную фабрыку мае намер наведаць Аляксандр Лукашэнка.
Зараз у цэнтры чысцяць і рамантуюць Брэсцкую вуліцу, над горадам ужо тры дні лётае верталёт, піша ПЦ «Вясна».
Супрацоўнікі міліцыі абыходзяць кватэры гараджан на Брэсцкай вуліцы і вуліцы Скарыны і папярэджваюць, каб у аўторак ніхто не адкрываў форткі і вокны, а ў каго ёсць паляўнічыя стрэльбы - здалі іх у міліцыю.
Гараджане такімі заклікамі незадаволеныя.
Некаторыя адказваюць, што будуць рабіць тое, што запланавалі, а іншыя абураюцца: «Можа ў аўторак нам, наогул, не хадзіць на працу, а дзяцей не адпраўляць у сады і школы…».
Нагадаем, падчас кожнага наведвання беларускім кіраўніком якіх-небудзь населеных пунктаў або аб'ектаў мясцовым жыхарам загадваюць не адчыняць форткі.
Да прыезду Лукашэнкі ў Талачынскі раён Віцебскай вобласці нават кароў не пусцілі на пашу.