16 красавiка 2024, aўторак, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Звада

36
Звада

Эканоміка Беларусі заўсёды мела патрэбу ў замежных крэдытах і пазыках.

У гэтым, уласна, няма нічога дзіўнага. Некаторыя краіны экспартуюць больш, чым імпартуюць, у іх утвараецца лішак валютных сродкаў, то бок дадатнае сальда гандлёвага ці аплатнага балансу. Гэта дае ім магчымасць выступаць у якасці крэдытораў іншых краін або донараў міжнародных крэдытна-фінансавых інстытутаў кшталту МВФ.

Іншыя краіны, як наша, больш імпартуюць, чым прадаюць на міжнародных рынках. Адмоўнае сальда гандлёвага балансу ім трэба чымсьці кампэнсаваць. Можна за кошт назапашаных раней золатавалютных рэзэрваў, а калі іх мала або няма зусім, то мінусавае сальда кампэнсуецца замежнымі валютнымі пазыкамі, якія трэба, самі разумееце, атрымаць і своечасова вярнуць.

Беларусь амаль ва ўсе часы належала да другой групы краін - краін з выяўным пасіўным гандлёвым балансам. Адмоўнае сальда было рэкордным у 2010 годзе, сягнуўшы за 7 мільярдаў даляраў. Большая частка цяперашніх золатавалютных рэзэрваў краіны таксама сфармаваная за кошт замежных пазык. Асноўныя пазыкі ў свой час беларускаму кіраўніцтву давалі ўрад Расеі і МВФ. Цяпер надышоў час збіраць камяні.

Сёлета гэтым ды іншым крэдыторам наша краіна вінная звыш 3 мільярдаў даляраў. З тога, як складваецца гандлёвы баланс з пачатку года (а за студзень-люты сальда замежнага гандлю таварамі сышло ў мінус 396,5 мільёны даляраў супраць плюсавага 519,8 мільёны за такі ж перыяд мінулага года), урад і Нацбанк бачаць, што крыніц сплаты замежнай запазычанасці не набіраецца. Ужо за два месяцы Беларусь выдаткавала на абслугоўванне замежнай завінавачанасці 530 млн даляраў. Трэба пільна пазычаць грошы! Альбо ў тых жа, традыцыйных крэдытораў, альбо ў іншых. Іншымі словамі, трэба браць новыя крэдыты, каб аддаць старыя, што і называюць хітрым словам «рэфінансаванне».

Аднак сягоння кіраўніцтву нашай Сінявокай даваць крэдыты не спяшаюцца. Ні Нацбанку, ні ўраду, ні прэзідэнту. І, галоўнае, напрост ніхто не адмаўляе. Наконт 2-мільярднага дзяржкрэдыту на мадэрнізацыю расейцы сказалі: маўляў, калі пытанне пастаўленае, то будзем вывучаць. А самі кожную чарговую рату крэдыту Антыкрызіснага фонду на 2-3 месяцы затрымліваюць.

Гасцявала надоечы ў Беларусі чарговая місія МВФ - і таксама нічога. Пацвердзіла толькі свае старыя патрабаванні да беларускай эканомікі, выкананне якіх павінна набліжаць яе да рынкавых стандартам і якія кіраўніцтва краіны заўжды не выконвае. Так, напрыклад, кантроль за коштамі - то слабее, то ўзмацняецца. Прыватызацыя - то праводзіцца, то змяняецца нацыяналізацыяй (кандытарскія прадпрыемствы, холдынг «Обувь-Луч», увядзенне ўладальніцкага нагляду). Малы і сярэдні бізнэс - то адпускаюць (спрашчэнне рэгістрацыі), то прыціскаюць (падвышэнне арэнднай платы на 60%). Роўных варункаў гаспадарання для дзяржпрадпрыемстваў і прыватнікаў як не было, так і няма: дзяржаўным - субсідаваныя крэдыты ў паўстаўкі рэфінансавання з кампэнсацыяй субсідый дзяржбанкам з бюджэту, або зусім без адсоткаў, прыватным - крэдыты утрая даражэйшыя, з поўнай адсоткавай стаўкай, якая ў 2 разы і больш перасягае стаўку рэфінансавання Нацбанка. Першым - просты доступ да ўсякіх рэсурсаў, другім - што застанецца.

Пэўны прыклад. Пастановай Саўміна № 174 ад 13.03.2013 Баранавіцкаму вытворчаму баваўнянаму аб'яднанню нацыянальны бюджэт кампэнсуе частку адсоткаў банкавага крэдыту ў суме 23,61 мільёны еўра, які выдаў з ільготнай стаўкай «Беларусбанк». Пастанова № 75 ад 31.02.2013 зацвердзіла крэдыты для прадпрыемстваў канцэрна «Беллеспаперапрам», адсоткі за якія таксама заплаціць скарб. Па-ранейшаму ўрад адміністрацыйнымі захадамі выводзіць заробак на зададзеныя граніцы, не зважаючы на рост прадукцыйнасці працы, а Нацбанк, адпаведна, шпурляе грашовую масу. Мабыць, усведамляючы ўсё гэта, беларускае кіраўніцтва і афіцыйную заяўку ў МВФ на крэдыт да прыезду місіі нават не падавала.

Калісьці з рэкамендацыі МВФ у Беларусі быў створаны Банк развіцця Рэспублікі Беларусь, галоўнай задачай якога ставілася - узяць на сябе крэдытаванне дзяржпраграм, звязаных акурат з бюджэтнымі субсідыямі, з невяртаннем крэдытных сродкаў. Вызваліць ад іх такія дзяржбанкі, як «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», «Белінвэстбанк», праблемныя крэдыты якіх ужо перасягнулі 1 мільярд даляраў у эквіваленце. Каб яны, так мовячы, «злілі» Банку развіцця гэтыя «атрутныя актывы». (Інакш кажучы, на прыбытковасць гэтага банка разлік не рабіўся.) Аднак нічога гэтага не адбылося. Мала таго, сумы прыбытку Банка развіцця за мінулы год павялічыліся ў дзясяткі разоў. Ён атрымаў 1 трыльён 560 мільярдаў рублёў і стаў годным канкурэнтам камэрцыйных родзічаў. Замест таго, каб ачысціць дзяржбанкі ад «таксічных крэдытаў» і прыспешыць інстытуцыйныя рэформы, Банк развіцця магутна прылучыўся да працэсу эмісійнага крэдытавання, працуючы дзеля грошай. У дадатак заняўся выпускам уласных аблігацый. Чаго, трэба заўважыць, у развітых эканоміках такога кшталту крэдытным установам рабіць не рэкамендуецца. Як, зрэшты, і Цэнтрабанку. Для нашага ж Нацбанка выпуск сваіх аблігацый - адна з звыклых спраў. Хоць менавіта гэтымі больш прыбытковымі каштоўнымі паперамі ён спляжыў некалі рынак мінфінаўскіх кароткатэрміновых аблігацый.

Вынікам усяго гэтага ў выніку стала двухзначных інфляцыя. Гэтыя ды іншыя «асаблівасці» беларускай эканомікі падкрэсліваюць не толькі МВФ, але і Еўразійскі банк развіцця - распарадчык Антыкрызіснага фонду - у апублікаваным ім апошнім аглядзе эканомік СНД. Крэдытаваць такую эканоміку, як наша, - сабе даражэй. Аб адсутнасці глыбокіх структурных рэформаў у беларускай эканоміцы МВФ стаміўся ўжо казаць. Яе аўтарытарная прырода застаецца непарушнай. МВФ уважае дасягненне 8,5% росту ВУП пры 12%-ай інфляцыі ў гэтым годзе за нерэальнае, зніжэнне стаўкі рэфінансавання з 13 сакавіка – за заўчаснае. Фонд рэкамендуе абмежаваць рост заробку памерам інфляцыі, г.зн. 12 адсоткамі. Але хто ж слухае спрактыкаваных эканамістаў?

У той жа час падарожжа высокапастаўленай беларускай дэлегацыі ў Інданэзію, Сінгапур і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты па новыя пазыкамі нічым фактычна не скончылася. Фінансавыя колы гэтых краін не выказалі гарачага жадання набыць беларускія дзяржаўныя аблігацыі. Яны, трэба думаць, прынялі крэдытаздольнасць беларускай эканомікі за вельмі сумнеўную. Адзін прыклад Грэцыі і Кіпра, чые банкі мелі неасцярожнасць купіць такія рызыкоўныя аблігацыі, чаго варты! Нягледзячы на заявы беларускіх найвышэйшых чыноўнікаў, што, маўляў, жылі без МВФ і далей пражывем і што ў Рады дырэктараў Фонду пераважаюць пры разглядзе пытання аб Беларусі палітычныя матывы, урад вымушаны быў зноў кінуць свой позірк на гэтага крэдытора. Сітуацыя, самі разумееце, прыціскае. У красавіку чакаюць чарговыя выплаты запазычанасці. Ведаеце, раптам прыйдзецца аддаваць іх за кошт золатавалютных рэзерваў. А Антыкрызісны фонд зноў валаводзіць з ратай. Мінфін падахвоціўся быць ініцыятарам складання ўсёабдымнай маштабнай праграмы макраэканамічных рэформаў, як таго патрабуе МВФ. Яна павінна ўтрымліваць лібералізацыю коштаў, абмежаванні крэдытнай эмісіі, умацаванне правоў уласнасці, прыватызацыю, іншыя структурныя рэформы. Чаго не бывае, можа, з часам і перападзе сёе-тое ад Фонду. Ну а Расея ў кожным выпадку нікуды не падзенецца.

Барыс Жэліба, «Народная воля»

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках