19 красавiка 2024, Пятніца, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін і Кэмеран правялі пазапланавую сустрэчу па Сірыі

5
Пуцін і Кэмеран правялі пазапланавую сустрэчу па Сірыі

Прэм'ер-міністр Велікабрытаніі Дэвід Кэмеран прыбыў у Сочы для сустрэчы з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у яго рэзідэнцыі.

Пра гэтую паездку Кэмеран публічна абвясціў толькі ў сераду: выступаючы ў парламенце, ён заявіў, што тэмай размовы стане сітуацыя ў Сірыі, дзе ўжо больш за два гады працягваецца ўзброенае супрацьстаянне ўрадавых сіл і апазіцыі.

Па словах брытанскага прэм'ера, неабходна паскорыць палітычную перадачу ўлады ў краіне для спынення гвалту. З пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі, паводле ацэнак ААН, загінулі каля 70 тысяч чалавек, нагадвае BBC.

Падчас сустрэчы Пуцін запрасіў Кэмерана пабываць на алімпійскіх аб'ектах у Сочы. «Калі ў Вас будзе час, мне б хацелася Вам паказаць, як мы рыхтуемся да алімпійскіх гульняў 2014 года», - сказаў Пуцін, адкрываючы сустрэчу з брытанскім прэм'ерам.

Кэмеран, у сваю чаргу, выказаў надзею, што Алімпійскія гульні ў Сочы будуць паспяховымі.

Па словах брытанскага прэм'ера, на перамовах у Сочы будуць абмяркоўвацца гандлёвыя сувязі дзвюх краін, а таксама крызісная сітуацыя ў Сірыі.

Паездка Кэмерана - не радавы візіт, бо ён прарабіў шлях даўжынёй у некалькі тысяч кіламетраў дзеля некалькіх гадзін размовы з Пуціным.

На наступным тыдні Кэмеран адправіцца абмеркаваць сірыйскае пытанне з амерыканскім прэзідэнтам Баракам Абамай у Вашынгтон.

Верны саюзнік Асада

Візіт брытанскага прэм'ера праходзіць на фоне аднаўлення Расеяй і ЗША спробаў дасягнуць міру ў Сірыі дыпламатычным шляхам.

У пачатку тыдня Расею з той жа мэтай наведаў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры. З кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым ён прыйшоў да адноснага кансенсусу аб неабходнасці склікання міжнароднай канферэнцыі па Сірыі ў бліжэйшы час.

Дзяржсакратар ЗША выказаў надзею на фармаванне па выніках гэтай сустрэчы пераходнага ўрада Сірыі. Праз некалькі дзён Кэры заявіў, што прэзідэнт Башар Асад не будзе мець права голасу ў палітычным урэгуляванні сірыйскага канфлікту.

Масква лічыцца адным з ключавых гульцоў у сірыйскім крызісе, які мае ўплыў на Дамаск - яна падтрымлівала свайго вернага саюзніка, прэзідэнта Башара Асада, забяспечваючы сірыйскае войска ўзбраеннямі па заключаных да пачатку грамадзянскай вайны кантрактах, нягледзячы на заклікі Захаду спыніць пастаўкі.

Некалькімі тыднямі раней Кэры абвясціў, што Вашынгтон узмоцніць дапамогу сірыйскім паўстанцам, пры гэтым пакуль ЗША і ЕЗ адмаўляліся пастаўляць узбраенні праціўнікам рэжыму Асада.

Разышліся ў падыходах

Падыходы Велікабрытаніі і Расеі да вырашэння сірыйскага крызісу адрозніваюцца: Лондан ужо даўно заклікае прэзідэнта Сірыі Башара Асада сысці ў адстаўку, у той час як Масква выступае супраць замежнага ўмяшання ў карысць якога-небудзь з бакоў канфлікту.

Некалькімі тыднямі раней Дэвід Кэмеран пагадзіўся з пазіцыяй Белага дома, што выкарыстанне рэжымам Асада хімічнай зброі стане «чырвонай рысай», пасля перасячэння якой Захад можа разгледзець варыянт ваеннай інтэрвенцыі.

Гэта адбылося неўзабаве пасля таго, як Вашынгтон абвясціў, што - па дадзеных амерыканскай выведкі, - сірыйскае войска стала ўжываць у невялікіх маштабах нервова-паралітычны газ зарын.

Аднак усе гэтыя сцвярджэнні раптоўна паставіла пад сумнеў член спецкамісіі ААН па расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў Сірыі Карла дэль Понтэ, якая выказала меркаванне аб дачыненні да прымянення хімічнай зброі не ўрадавых войскаў, а апазіцыі. Канчатковыя высновы пакуль не зробленыя.

Фотa: ИТАР-ТАСС

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках