Леанід Заіка: Закрыццё беларускага рынку - неўратычная мера
31- 13.05.2013, 13:29
Млявапраяўная здача пазіцый на ўнутраным рынку краіны працягнецца.
Так эканаміст Леанід Заіка ў інтэрв'ю сайту charter97.org пракаментаваў прэтэнзіі, якія вылучаюць расейскія вытворцы беларускім уладам, галоўная з якіх заключаецца ў тым, што Менск, нягледзячы на абяцанні, робіць усё магчымае для таго, каб абмежаваць доступ тавараў з краін Мытнага саюза.
«Гэта звычайная канкурэнтная барацьба. Зараз ідзе магутнае пранікненне расейскіх тавараў на беларускі рынак. На адну шостую ўпаў экспарт. Фарміруецца новая канкурэнтная прастора. Беларусь прайграе многія рынкі - па халадзільніках, тэлевізарах, іншай тэхніцы, харчовых таварах. Напрыклад, у нас раней было 40 адсоткаў тэлевізараў уласнай вытворчасці, засталося каля 22 адсоткаў. Таму ўлады спрабуюць захаваць хоць бы ўнутраны рынак», - заявіў эканаміст.
Леанід Заіка лічыць, што абараніцца ад росту імпарту з краін Мытнага саюза пры дапамозе пратэкцыянісцкіх мер не атрымаецца.
«Спробы перакрыць доступ на беларускі рынак расейскім вытворцам - гэта запозненыя меры, яны хутчэй за ўсё носяць неўратычны характар. Як б не спрабавалі тармазіць ці перакрыць імпарт тавараў, зрабіць гэта не ўдасца. Расейцы будуць заваёўваць беларускі ўнутраны рынак, гэта непазбежна. У іх вялікія маштабы вытворчасці, ёсць магчымасць маніпулявання коштамі. Таму тое, што мы назіраем - не больш, чым млявапраяўная сдача пазіцый», - сказаў эксперт.
Падобныя меры, па словах Леаніда Заікі, супярэчаць дамовам, заключаным у рамках Адзінай эканамічнай прасторы і Мытнага саюза.
«Падпісана 17 пагадненняў аб свабодным перамяшчэнні тавараў. Іх трэба выконваць, і ад гэтага нікуды не дзенешся», - нагадаў эканаміст.
Леанід Заіка распавёў і пра тое, чым абернецца для беларусаў выкананне гэтых дамоўленасцей.
«Наступствы роўнай канкурэнцыі з расейцамі для беларусаў простыя: спажыўцы атрымаюць больш нізкія кошты, а частку вытворцаў - каля 20 адсоткаў - чакае спусташэнне», - сказаў ён.
Нагадаем, шэраг расейскіх прадпрыемстваў у апошні час абвінаваціў беларускія ўлады ў тым, што яны не выконваюць свае абавязацельствы ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. У прыватнасці, яны робяць усё магчымае для таго, каб на ўнутраны рынак не траплялі імпартныя тавары, а людзі куплялі сваё, беларускае. Кожны раз, калі на беларускім рынку з'яўляецца тавар, з якім не могуць канкураваць мясцовыя вытворцы, улады дапамагаюць «сваім» пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу. Да нядаўніх часоў гэта мала каго цікавіла, але цяпер Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам Мытнага саюза, сяброўства ў якім прадугледжвае амаль поўную адсутнасць пратэкцыянісцкіх мер. Афіцыйны Менск, аднак, ігнаруе патрабаванні, што вельмі стала злаваць расейскіх вытворцаў.