Марэк Буцько: У беларускіх спецслужбаў ёсць сувязі ў праваахоўных органах Польшчы
16- 13.05.2013, 19:19
Беларускія і польскія прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый заклікаюць перанесці разгляд справы палітуцекача Андрэя Жукаўца з Беластока ў Варшаву.
Беларускага прадпрымальніка асудзілі на 3 гады турмы паводле абвінавачванні ў махлярстве пры атрыманні ў 1999 годзе крэдытаў на суму 700 тысяч даляраў. Дакументы польскаму следству падала беларуская старана. Сам Андрэй Жукавец сцвярджае, што ён стаў ахвярай палітычнага пераследу, бо дапамагаў у свой час «Маладому фронту». Гэта факт пацвярджае былы лідэр моладзевай арганізацыі Павел Севярынец.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі, якая прайшла сёння ў Варшаве, заяўляюць, што суд у Беластоку паддаўся ўплыву беларускай стараны, і просяць перанесці разгляд справы Жукаўца ў Варшаву, перадае Polskie radio.
«Я мяркую, што беларускія спецслужбы маюць глыбокія сувязі ў розных праваахоўных органах у Беластоку. Яны хацелі стварыць прэцэдэнт, калі беларускага ўцекача саджаюць у турму рукамі польскага суда. Ім такі прэцэдэнт вельмі патрэбны, бо дагэтуль еўрапейскія суды не разглядалі беларускія заявы аб экстрадыцыі», - сказаў адзін з удзельнікаў прэс-канферэнцыі, намеснік кіраўніка польскага фонду «Вольнасць і дэмакратыя», былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Марэк Буцько.
Анатоль Міхнавец з арганізацыі «Зьвяз для дэмакратыі ў Беларусі» падаў некаторыя факты фальсіфікацыі справы Жукаўца. Пры перакладзе дакументаў ягонай справы з расейскай на беларускую мову было зроблена блізу 600 памылак. Напрыклад, адсутнасць подпісу Жукаўца ў дакумэнтах перакладалі, як «нечытэльны подпіс», Нямеччыну - як Брытанскія Віргінскія выспы, а прозвішча ягонага «супольніка» Жукава - як самога Жукаўца. У гэтай справе быў судовы разбор, і суд пастанавіў, што шмат якія памылкі перакладчыкаў адбыліся праз іхнюю стомленасць.
Польскія праваабаронцы ўстурбаваныя тым, што такі прысуд можа расхінуць дарогу і іншым суддзям для таго, каб выносіць абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да беларускіх апазіцыянераў, супраць якіх афіцыйны Менск выстаўляе сфальсіфікаваныя абвінавачванні.
Прысутная на прэс-канферэнцыі дэпутатка польскага Сэйму Малгажата Гасеўска паабяцала ўзняць пытанне справы Жукаўца на пасяджэнні польскіх парламэнтарыяў.