Прэзідэнт Сербіі запэўніў ва «ўсялякай падтрымцы» Лукашэнку
38- 18.05.2013, 7:42
Таміслаў Ніколіч заявіў, што пасля ягонай сустрэчы з беларускім дыктатарам паміж двума краінамі пачалася «новая эра стасункаў».
Пра гэта сербскі прэзідэнт сказаў падчас сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра нашай краіны Пятром Пракаповічам, паведамляе БелТА. Таміслаў Ніколіч падкрэсліў, што дыктатарская Беларусь з'яўляецца для яго прыкладам.
«Шкада, што цяпер не 2001 год, калі б гэта было так, то сёння мы гаварылі б пра тавараабарачэнне паміж нашымі краінамі, якое дакладна перасягала б $1 млрд. У Беларусі тут была б кропка апоры для выхаду ў Еўропу, мы б захавалі сваю прамысловасць. Беларусь для мяне з'яўляецца прыкладам, і так павінна быць для іншых людзей», - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што раней у Сербіі таксама была моцная прамысловасць, як у Беларусі.
«Але мы без глыбокага абмеркавання ўвайшлі ў прыватызацыю, да нас прыйшлі няздольныя замежнікі, якія прыватызавалі прадпрыемствы, але не хацелі займацца вытворчасцю. Яны хацелі альбо проста ўзяць цэхі, памяшканні, зямельныя надзелы пад будаўніцтва, альбо ў іх ужо была вытворчасць такіх жа тавараў і яны хацелі закрыць завод, атрымаўшы такім чынам наш рынак, - распавёў Таміслаў Ніколіч. - Беларусь не павінна паўтараць памылак Сербіі».
Сербскі лідар мяркуе, што пасля ягонай сустрэчы з Лукашэнкам падчас афіцыйнага візіту ў сакавіку 2013 года пачалася новая эра ў стасунках паміж Беларуссю і Сербіяй.
«Гэтыя стасункі абсалютна шчырыя. Беларусь заўсёды можа разлічваць на нашую падтрымку ў кожным праекце», - падкрэсліў Таміслаў Ніколіч.
Нагадаем, сербскі прэзідэнт нечакана наведаў Менск 12 сакавіка. Ён правёў перамовы з беларускім правадыром і ўручыў яму ордэн.
Раней Сербія далучылася да візавых і эканамічных санкцый, уведзеных Еўрапейскім Звязам супраць беларускіх чыноўнікаў і алігархаў.