8 траўня 2024, Серада, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вясна» патрабуе адмяніць «палітычны» артыкул 193.1 КК

8
«Вясна» патрабуе адмяніць «палітычны» артыкул 193.1 КК

Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае спыніць практыку ціску на грамадзкіх актывістаў і прыняць меры да адмены арт. 193.1 КК.

На працягу апошніх двух месяцаў Праваабарончым цэнтрам «Вясна» было зафіксавана павелічэнне выпадкаў вынясення органамі пракуратуры і КДБ афіцыйных пісьмовых папярэджанняў аб недапушчальнасці дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый у дачыненні да шэрагу грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў, гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

18 красавіка 2013 года Пракуратура Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобласці вынесла папярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі актывісту грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аляксандру Кузьміну.

24 красавіка 2013 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь вынесла пісьмовае папярэджанне аб недапушчальнасці дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі праваабаронцы Тамары Сяргей.

29 красавіка 2013 года ў г. Магілёве на прафілактычную размову ва УКДБ па Магілёўскай вобласці ў сувязі з дзейнасцю ад імя незарэгістраванай арганізацыі быў выкліканы мясцовы актывіст партыі БХД Алег Аксёнаў, які ў кастрычніку 2012 года быў пастаўлены на прафілактычны ўлік КДБ за ажыццяўленне такой дзейнасці.

Усе вышэйназваныя асобы былі папярэджаныя аб магчымым прыцягненні да крымінальнай адказнасці па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь, санкцыя якога прадугледжваюць адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да двух гадоў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадвае, што свабода асацыяцый гарантаваная грамадзянам Беларусі арт. 36 Канстытуцыі. Згодна з арт. 23 Канстытуцыі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. Таксама арт. 5 Канстытуцыі ўтрымлівае вычарпальны пералік дапушчальных абмежаванняў свабоды асацыяцыяў: забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а роўна і іншых грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу, ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.

«Зыходзячы з канстытуцыйных гарантый і дапушчальных абмежаванняў, відавочна, што наяўнасць крымінальнай адказнасці толькі за факт дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі з'яўляецца парушэннем гарантаванай Асноўным законам свабоды асацыяцый», - лічаць праваабаронцы.

15 кастрычніка 2011 года Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права Рады Еўропы (Венецыянская камісія) падрыхтавала заключэнне, згодна з якім арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь быў прызнаны не адпаведным палажэнням Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і іншым міжнародным абавязацельствам, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь.

Варта нагадаць, што на працягу 2008-2010 гг. службовыя асобы Міністэрства юстыцыі і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі неаднаразова заяўлялі пра магчымасць адмены дадзенага артыкула Крымінальнага кодэкса.

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў чарговы раз заклікае ўлады Беларусі спыніць практыку ціску на грамадзкіх актывістаў і прыняць меры да адмены арт. 193.1 КК і дэкрыміналізацыі дзейнасці незарэгістраваных арганізацый.

Арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, або ўдзел у іх дзейнасці), караецца штрафам, або арыштам да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

З 2006 вядома аб 18 выпадках прыцягнення да крымінальнай адказнасці па дадзеным артыкуле.

У лютым 2011 г. Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь вынесла пісьмовае папярэджанне аб недапушчальнасці дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках