7 траўня 2024, aўторак, 20:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Басовішчы» выступяць Akute і The Toobes

На «Басовішчы» выступяць Akute і The Toobes

Фестываль «Басовішча» атрымлівае другое дыханне дзякуючы большаму фінансаванню і новым арганізатарам.

Але многія пытанні за 2,5 месяцы да падзеі застаюцца пакуль без адказаў. Сюрпрызам застаецца не толькі поўны спіс выступоўцаў, але і ўмовы атрымання віз для наведвання фестывалю, піша generation.by.

Самы пастаянны беларускі музычны фестываль, які праводзіцца ў польскім Гарадку у пары дзесяткаў кіламетраў ад Беларусі, традыцыйна пройдзе летам. Дакладней, 19-20 ліпеня. Усе выступоўцы яшчэ не названыя, але вядома, што сярод іх будуць беларускія гурты Akute, The Toobes, Dzieciuki, Pomidor/off, а таксама некалькі ўкраінскіх і польскіх гуртоў: Перкалаба (UA), Indios Bravos (PL), Orkiestra Klezmerska Teatru Sejneńskiego ( PL).

Поўны склад выступоўцаў арганізатары абяцаюць раскрыць праз тры тыдні. Але на днях прыйшла галоўная пазітыўная навіна фестывалю: польская дзяржава вяртае арганізатарам «Басовішча» паўнавартасную фінансавую падтрымку, у якой ім было адмоўлена год таму.

Фінансаванне ад польскай дзяржавы значна павялічылася

Апошнія гады фестываль мае сур'ёзныя фінансавыя праблемы. Пасля таго, як у 2011 годзе «Беларускае аб'яднанне студэнтаў у Польшчы» (БАС) не змагло даць належнай фінансавай справаздачы аб чарговым фестывалі, польскае міністэрства, якое раней вылучала грошы на фестываль, вырашыла адмовіць у яго падтрымцы.

Тады загаварылі нават пра магчымы перанос фестывалю ў іншае месца. У выніку дзяржава ўсё ж падтрымала «Басовішча», але вылучыла на яго на 40% менш сродкаў, чым звычайна. Арганізатарам, у якасці якіх выступілі ўжо новыя аб'яднанні, давялося шукаць сродкі ў іншых месцах.

Як паведаміла Ілона Карпюк, старшыня БАС у 2004-2007, якая ў гэтым годзе вярнулася да арганізацыі «Басовішча», фестываль зноў атрымае паўнавартаснае фінансаванне польскай дзяржавы. Грошы, як і ў нулявыя, дасць польскае Міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі. Падтрымка таксама прыйдзе ад Міністэрства замежных спраў Польшчы і Маршалкоўскай управы Падляскага ваяводства. Але адказнымі за справаздачнасць будуць не студэнты, а мясцовы фонд Villa Sokrates.

Цяпер арганізатары могуць карыстацца бюджэтам у больш за 50 тыс. еўра. Такая сума дазваляе ім з аптымізмам глядзець на перспектывы адной з галоўных музычных падзей Беларусі.

На пытанне аб візах адказу пакуль няма

Па словах Ілоны Карпюк, польскі МЗС «вельмі станоўча ставіцца да фестываля». І пагадзіўся «дапамагчы з візамі» для яго наведвальнікаў. Але нягледзячы на тое, што да «Басовішча» засталося 2,5 месяца, фармат падтрымкі пакуль «высвятляецца».

Між тым, вопыт папярэдніх фестываляў, якія праходзілі пасля далучэння Польшчы да Шэнгенскай прасторы, нагадвае пра пагрозу знікнення надзеі для новых фанатаў трапіць на фестываль менавіта з-за візавых абмежаванняў. Вельмі часта падтрымка польскага МЗС прыходзіла занадта позна, і патэнцыйныя наведвальнікі замест таго, каб забаўляцца перад сцэнай у польскім Гарадку, праводзілі летнія дні ў чарзе каля польскага консульства.

Польшча ўжо адпрацавала схему бясплатных віз для наведвальнікаў канцэртаў Падляскай оперы ў Беластоку. Але з операй усё-такі лягчэй: квіткі туды прадаюцца загадзя. А вось квіткоў на бясплатнае «Басовішча» пакуль не існуе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках