3 траўня 2024, Пятніца, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Манголіі абмеркавалі дыктатуру ў Беларусі

16

27-29 красавіка ў сталіцы Манголіі Улан-Баторы адбылася VII Міністэрская канферэнцыя Супольнасці дэмакратый (VII Ministerial Conference of the Community of Democracies).

У канферэнцыі бралі ўдзел больш за 1200 прадстаўнікоў са 104 краін свету. Сярод іх - такія вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы як прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж (Cahiagiyn Elbegdorj), Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Звязу замежных справаў і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан (Catherine Margaret Ashton), лідар Нацыянальнай Дэмакратычнай Лігі М'янмы Аун Сан Су Чжы (Aung San Suu Kyi), кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більд (Carl Bildt), прэм'ер-міністр Тайланда Йінглак Чынават (Yingluck Shinawatra), віцэ-прэзідэнт Рэспублікі Коста-Рыка Альфіё Піва Мэсэн, намеснік генеральнага сакратара ААН Касым Жамарт Такаеў, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру, змагарка за правы чалавека, грамадзянка Емена Тавакол Карман (Tawakkol Karman), віцэ-прэм'ер урада, кіраўнік МЗС Славакіі Міраслаў Лайчак (Miroslav Lajčák), міністр замежных спраў Чэхіі Карл Шварцэнбэрг (Karel Schwarzenberg), міністр замежных спраў Кыргызстана Эрла Абдылдаев (Erlan Abdyldaev), кіраўнікі МЗС Інданэзіі, Сальвадора, Туніса, выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі Ежы Памяноўскі, прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі ды іншыя.

У сваёй прамове на канферэнцыі прэм'ер-міністр Манголіі Наравын Алтанхуяг (Norovyn Altankhuyag) сказаў: «Калі роўна 23 гады таму ў гэтыя дні праходзілі першыя дэмакратычныя пераўтварэнні, то сёння ў нашай краіне сфармавана грамадства, якое паважае правы чалавека, створаны дэмакратычны парламент, незалежная судовая сістэма, свабодная прэса. Дэмакратычная партыя, якая з самага пачатку ўдзельнічала ў працэсе дэмакратызацыі, сёння працуе, утварыўшы з іншымі партыямі ўрад рэформаў».

Праз дыктатарскі рэжым Лукашэнкі Беларусь не ўваходзіць у Супольнасць Дэмакратыі. Тым не менш, грамадзянскую супольнасць нашай краіны на Форуме прадстаўлялі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімір Кобец, кіраўнік інфармацыйнага офіса «Салідарныя з Беларуссю» Юлія Слуцкая і дырэктар Беларускага Дому правоў чалавека ў Вільні Ганна Герасімава.

Асноўную ўвагу ўдзельнікі мерапрыемства надалі праблемам прасоўвання дэмакратычных рэформаў у дзяржавах-чальцах Супольнасці, асабліва ў краінах, у якіх развіваецца дэмакратыя.

У рамках канферэнцыі прайшлі дыскусіі на тэмы: адукацыя для дэмакратыі, карупцыя, «арабская вясна», свабода прэсы ды інтэрнэту. Выступаючы з дакладам пра сітуацыю з прэсай і інтэрнэтам у Беларусі Юлія Слуцкая адзначыла выключную значнасць інтэрнэту ў Беларусі, дзе адсутнічае незалежная тэлевізія, а нешматлікія незалежныя газеты маюць невялікія тыражы і ў кожны момант могуць былі закрытыя. У якасці прыкладу былі пададзеныя маўклівыя акцыі пратэсту ў 2011 годзе, калі ў знак пратэсту на эканамічны крызіс людзі выйшлі на вуліцы, каардынуючы свае дзеянні праз сацыяльныя сеткі і форумы незалежных сайтаў.

У ходзе канферэнцыі адбылося ўручэнне прэміі Браніслава Герэмэка Аун Сан Су Чжы, а былы пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан быў узнагароджаны міжнароднай прэміяй імя Марка Палмера за сваю працу ў Беларусі.

Асобная сустрэча ў рамках канферэнцыі была прысвечаная Беларусі. У сустрэчы з удзелам беларускіх прадстаўнікоў узялі ўдзел Генеральны сакратар Супольнасці дэмакратый Марыя Лейснэр (Maria Leissner), кіраўнік МЗС Чэхіі Карл Шварцэнбэрг (Karel Schwarzenberg), старшыня польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі (Krzysztof Stanowski), прадстаўнікі МЗС краін Супольнасці, дыпламаты, прадстаўнікі міжнародных няўрадавых арганізацый. У ходзе сустрэчы адбыўся абмен думкамі аб сітуацыі ў Беларусі, абмеркаваныя крокі, накіраваныя на вызваленне палітвязняў і на развязанне беларускай праблемы агулам. Акрамя таго, беларускімі ўдзельнікамі было узнятае пытанне аб неабходнасці хутчэйшага скасавання візавага рэжыму для грамадзян Беларусі з боку ЕЗ.

Падчас канферэнцыі беларускія прадстаўнікі правялі шэраг важных сустрэч з высокімі еўрапейскімі чыноўнікамі, кіраўнікамі краін і ўрадаў, прадстаўнікамі міжнародных няўрадавых арганізацый, грамадзянскімі актывістамі з розных краін свету.

Так, у размове з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж заявіў, што добра дасведчаны ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і выказаў сваю падтрымку беларускім змагарам за свабоду.

З Вярхоўнай прадстаўніцай Еўрапейскага Звязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі баранэсай Кэтрын Эштан (Catherine Margaret Ashton) адбыўся абмен думкамі ў пытаннях санкцый і становішча палітычных зняволеных у Беларусі.

«Вядома, самым важным на парадку дня форуму для мяне было беларускае пытанне. Гэта важна, што да абмеркавання праблемы дыктатуры ў Беларусі падключыліся прадстаўнікі краін, якія раней нашай краінай не цікавіліся. Я казаў пра патрэбу захавання жорсткай пазіцыі Захаду ў дачыненні да беларускага рэжыму да вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў. Пасля гэтага можна распачынаць сур'ёзную гутарку аб структурных рэформах і правядзенні свабодных выбараў у краіне.

Але ўсё ж хачу сказаць пра самую Манголіі. Краіна, размешчаная паміж Кітаем і Расеяй, дэманструе дзіўную дынаміку развіцця як у сферы правоў і свабод, так і ў эканоміцы. Тут дзейнічаюць больш за 7000 няўрадавых арганізацый, а ў рэйтынгу Freedom House, які адлюстроўвае сітуацыю з правамі і свабодамі, Манголія ўсяго адзін пункт саступае Швецыі», - пракаментаваў сайту charter97.org вынікі канферэнцыі Уладзімір Кобец.

Манголія з чэрвеня 2011 з'яўляецца старшынёй Супольнасці дэмакратый, якая бярэ пачатак ад арганізаванай у 2000 годзе ў Варшаве канферэнцыі міністраў замежных спраў краін свету, ініцыяваная былым дзяржсакратаром ЗША Мадлен Олбрайт (Madeleine Albright) і былым кіраўніком МЗС Польшчы Браніславам Герэмэкам (Bronisław Geremek). Сёння ў гэтую міжнародную арганізацыю ўваходзяць больш за 150 краін свету.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках