Ferrari 458 Italia і Jaguar F-type сталі зоркамі «Мотаршоў-2013»
5- 23.05.2013, 12:27
Сёння ў «Менск-Арэне» адкрылася аўтамабільная выстава «Мотаршоў-2013».
«Мотаршоў» праводзіцца ў Менску пачынаючы з 2000 года. Штогод колькасць удзельнікаў і аўтамабільная экспазіцыя павялічваліся, і ў гэтым годзе на выставе публіцы прадставілі каля 150 аўтамабіляў 27 аўтавытворцаў, піша «Наша Ніва».
«Мотаршоў» хоць і з'яўляецца самай буйной аўтавыставай Беларусі, аднак усё ж гэта не Жэнеўскі аўтасалон або штогадовая аўтавыстава ў амерыканскім Дэтройце. «Мотаршоў» выглядае хутчэй як вялікі аўтарынак, дзе пад адным дахам афіцыйныя дылеры прадстаўляюць наяўныя ў іх асартыменце аўтамабілі.
Прычым у гэтым годзе ў выставе не ўдзельнічаюць такія «народныя» маркі, як Fiat, Toyota, Honda, Renault, хоць іх прадстаўніцтва і ёсць у Беларусі. Не знайсці наведвальнікам і аўтамабілі Mercedes-Benz і Porsche.
На выставе звычайныя гледачы спадзяюцца знайсці нешта незвычайнае - аўтамабілі, якія рэдка сустрэнеш на вуліцы. Ёсць такія і на «Мотаршоў». Так БПС-Банк прывёз на свой стэнд суперкар Ferrari 458 Italia.
Аўтамабіль выклікае цікавасць гледачоў, хаця «навінкай» аўтапрама яго назваць цяжка: мадэль 458 вырабляецца з 2009 года.
Нашмат больш новы італьянец на «Мотаршоў» - чатырохдзверны седан Quattroporte шостага пакалення ад італьянскага вытворцы суперкараў Maserati.
Мадэль 2013 камплектуецца 8-цыліндравым V-вобразным рухавіком аб'ёмам 3,8 літра, які развівае магутнасць ў 530 конскіх сіл і разганяе «сямейны» спорткар да 100 км/г за 4,7 секунды. Кошт на Maserati Quattroporte складае каля 150 тысяч даляраў.
Яшчэ адзін свежы спорткар «Мотаршоў» прыбыў не з сонечнай Італіі, а з туманнага Альбіёна. Jaguar F-type - мадэль, якая яшчэ не паступіла ў продаж нават на радзіме. Двухмесны родстэр з адкідным дахам, вытанчаным дызайнам і пачатковым коштам 60 тысяч фунтаў так і прыцягвае цікаўны погляд.
Таксама можна ўбачыць жыўцом знакаміты і прыгожы родстэр Audi R8 Spider. Нямецкі суперкар добра знаёмы аматарам гульні Need For Speed і фільма «Жалезны чалавек», але ў Беларусі яго ўбачыш не кожны дзень.
У гэтым годзе на «Мотаршоў» анансаваная і рэкордная колькасць прэм'ер ад аўтабрэндаў - іх на выставе цэлых 37.
Найбольш актыўнай у прэзентацыі новых і абноўленых мадэляў стала карэйская Hyundai, якая правядзе беларускую прэзентацыю пяці аўтамабіляў: Hyundai Genesis, Hyundai Genesis Coupe, Hyundai Veloster, Hyundai Equus, Hyundai Grandeur.
Нямецкія маркі выступілі па стандартнай праграме: «баварцы» паказалі навінкі BMW 3 і 5 серыі з постфіксам GT, а Audi акрамя R8 прывезла і Audi A3 Sedan, які пачнуць прадаваць толькі летам.
Аднак не менш увагі прыцягнута да брэндаў не такіх вядомых, як Audi і BMW. Так, упершыню ў Беларусь прыехалі аўтамабілі маркі MG, якія наўрад ці сустрэнеш на нашых дарогах, і мікра-красовер Mini Pacemanпо папулярнай у апошні час сярод маладых беларусаў англійскай маркі Mini.
Дастаткова шырока прадстаўлены на «Мотаршоў-2013» і кітайскі аўтапрам, да прадуктаў якога беларусы ставяцца скептычна і працягваюць параўноўваюць іх з расейскімі аўтамабілямі не на карысць першых. Аднак гэта не адмяняе таго, што на дарогах Беларусі з'яўляецца ўсё больш новых кітайскіх аўтамабіляў, якія набываюць замест падтрыманых «еўрапейцаў».