Гродзенскага актывіста будуць судзіць за ўлёткі пра палітвязняў
4- 4.05.2013, 11:21
Жыхара Гродна Сяргея Верамеенку выклікалі ў РАУС і склалі пратакол у сувязі з яго затрыманнем 12 сакавіка.
Актывіста азнаёмілі з вынікамі экспертызы Мінсувязі, якая паказала, што канфіскаваныя ў яго ўлёткі з інфармацыяй пра палітвязняў і экземпляры газеты «Крыніца Гарадзенская» не адпавядаюць вызначаным тэхнічным нормам. З-за гэтага на Сяргея Верамеенку - сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» - склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без зыходных дадзеных.
Па словах міліцыянтаў, у бліжэйшы час яму прыйдзе позва ў суд. Копію вынікаў экспертызы актывісту прадастаўляць адмовіліся, паведамляе прэс-служба БХД.
Сяргей Верамеенка быў затрыманы 12 сакавіка. Ён накіроўваўся з торбай улётак у партыйны офіс на вуліцы Будзёнага. На ўваходзе яго спынілі двое мужчын у цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі.
Верамеенку затрымалі на вачах аднапартыйцаў і павезлі ў пастарунак. У торбе затрыманага былі ўлёткі з тэкстам у падтрымку палітвязняў. Сябры БХД збіраліся распаўсюджваць іх у рамках кампаніі салідарнасці «Напішы палітвязню ліст».