2 траўня 2024, Чацвер, 16:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Паўночнакарэйскія гастарбайтэры ідэальныя для беларускіх уладаў

38
Леанід Заіка: Паўночнакарэйскія гастарбайтэры ідэальныя для беларускіх уладаў

(абноўлена) Рабочыя з КНДР працавітыя, паслухмяныя і бяспраўныя.

Беларускія ўлады могуць завабіць у краіну працоўных з Паўночнай Карэі, сказаў эканаміст Леанід Заіка ў інтэрв'ю сайту charter97.org. Такім чынам ён пракаментаваў абмеркаванне беларускімі і паўночнакарэйскімі дыпламатамі супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай ды іншых сферах.

«Сапраўды, Паўночная Карэя ўяўляе для нас эканамічны інтарэс. У Расеі ўжо рэалізуюцца некаторыя праекты. Таму і ў Беларусі могуць быць зоны супрацоўніцтва. Калі на Далёкім Усходзе рабочыя з Паўночнай Карэі займаюцца нарыхтоўкай лесу, то ў Маскве ўжо ёсць практыка працы паўночнакарэйцаў у будаўніцтве. Як бы парадаксальна не гучала, але маім знаёмым рамонт кватэры рабілі рабочыя менавіта з гэтай краіны.

Рабочыя з Паўночнай Карэі ідэальныя для беларускіх уладаў, у адрозненне ад тых жа кітайцаў. Яны не будуць заставацца ў нашай краіне. Працуюць яны 12 гадзін на дзень, пры гэтым абсалютна бясспрэчныя, дысцыплінаваныя і адказныя. Гэта маладыя кваліфікаваныя людзі. Яны павінны штомесяц здаваць у сваю амбасаду большую частку заробку, а ўсё астатняе адпраўляюць дадому сем'ям, якія становяцца ў гэтым выпадку закладнікамі. Таму спробаў здрадзіць радзіме ці Кім Чэн Ыну не назіраецца. У гэтым плане паўночнакарэйскія рабочыя лепшыя, за таджыкаў ці ўзбекаў», - падкрэсліў аналітык.

Экспэрт мяркуе, што Беларусь магла б прыцягнуць у рамках дамоўленасці 10 000 рабочых з Паўночнай Карэі.

«Там, дзе ў нас не хапае рабочых рук - у будаўніцтве і сельскай гаспадарцы, зрабіць гэта цалкам магчыма. Такія варыянты рацыянальныя і тэхнічна здзяйсняльныя. Механізаваная брыгада ў калгасе «Шлях камунізму», складзеная з грамадзян КНДР, будзе найлепшай за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Нам трэба ісці гэтым шляхам. Бо квадратны метр жылля каштуе ўжо пад 1300-1400 даляраў. Для таго каб ён каштаваў 700-800 даляраў, трэба набіраць паўночнакарэйцаў. Плюс да гэтага, я б параіў нашаму ўраду падрыхтавацца да прафесійнага навучання паўночнакарэйскіх рабочых. Яшчэ можна было б зрабіць тонкі ход і вырабляць у Беларусі кітайскія аўтамабілі Lifan. Рабочымі былі б паўночнакарэйцы, а інжынерамі і начальнікамі цэхаў - беларусы. Я б рэкамендаваў Лукашэнку пайсці гэтым шляхам. Гэта знізіць кошт жылля і ліквідуе карумпаванасць у будаўнічай галіне», - упэўнены Леанід Заіка.

Нагадаем, сёння адбылася сустрэча намесніка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Валянціна Рыбакова з паслом Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі ў Расейскай Федэрацыі Кім Ен Джэ.

Стораны абмеркавалі пытанні гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, стан дамоўна-прававой базы, узаемадзеянне дзвюх краін у рамках міжнародных арганізацый.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках