Акцыя памяці Захаранкі прайшла ля Міжнароднага суда ў Гаазе
8- 6.05.2013, 20:56
У Нідэрландах прайшла акцыя напярэдадні гадавіны выкрадання былога міністра ўнутраных спраў Беларусі.
Яе арганізавалі грамадскія актывісты, якія пражываюць у Гаазе і бліжэйшых гарадах Еўропы.
Акцыя прайшла каля будынка Міжнароднага суда ў нядзелю, 5 траўня. У ёй узялі ўдзел таксама дзеці і ўнукі Юрыя Захаранкі.
Удзельнікі мерапрыемства трымалі ў руках транспарант з партрэтамі зніклых беларускіх палітыкаў і нацыянальны сцяг. Шматлікія мінакі выказвалі словы падтрымкі і спачування.
Генерал Юрый Захаранка бясследна знік 7 траўня 1999 года. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй у пошуках зніклага генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.
За некалькі гадоў да гэтага Захаранка быў звольнены са сваёй пасады, бо не падзяляў пункт гледжання Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння. Экс-сілавік карыстаўся павагай у асяроддзі сваіх калегаў, займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Таму ягоная апазіцыйная дзейнасць уяўляла асаблівую небяспеку для ўладаў.
У Беларусі акцыі памяці Захаранкі забароненыя.