6 траўня 2024, панядзелак, 4:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масква абвінавачвае Менск у зрыве пагадненняў

22
Масква абвінавачвае Менск у зрыве пагадненняў

Буйныя расейскія прадпрыемствы лічаць, што Беларусь не выконвае свае абавязацельствы ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы.

У кіраўніцтва Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая знаходзіцца ў Маскве, ужо назапасіўся пакет матэрыялаў, якія складаюцца з прэтэнзій у адрас Беларусі. Асноўная прэтэнзія складаецца ў тым, што, на думку расейцаў, беларусы абмяжоўваюць доступ расейскіх тавараў на ўнутраны рынак, пішуць «Белорусские новости».

Дыскрымінацыя на беларускім рынку: скаргі прадпрымальнікаў

На першы погляд, з прысутнасцю расейскіх тавараў на беларускім рынку няма наогул ніякіх пытанняў. За першы квартал 2013 года таварны імпарт з Расеі ў Беларусь склаў 5,7 млрд. даляраў. Праўда, ільвіная доля ў гэтым імпарце прыпадае на энергетычныя рэсурсы. Што ж тычыцца іншых расейскіх тавараў, то доступ ім на рынак Беларусі не заўсёды адкрыты. Асабліва гэта датычыцца выпадкаў, калі аналагічныя тавары выпускаюць беларускія вытворцы.

Дарэчы, па дадзеных за 2012 год, у Беларусь было пастаўлена з Расеі толькі 2,1 тыс. трактароў. Для параўнання: на расейскі рынак у мінулым годзе было прададзена 59,5 тыс. беларускіх трактароў.

Два тыдні таму ў Еўразійскую эканамічную камісію паступіў зварот Расейскай асацыяцыі вытворцаў сельгастэхнікі «Расаграмаш», у якім падкрэсліваецца, што Беларусь праводзіць конкурсы на закупку сельгастэхнікі такім чынам, каб пераможцам выступіла беларуская кампанія, а не расейская.

Сваімі дзеяннямі, лічаць у «Расаграмашы», Беларусь парушае асноўныя інтэграцыйныя дакументы, а менавіта - Пагадненне аб дзяржаўных і муніцыпальных закупках, якое дзейнічае ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы.

«У рамках гэтага пагаднення расейскія тавары маюць нацыянальны рэжым доступу да таргоў і конкурсаў, якія праводзяцца на сродкі бюджэту. Рэспубліка Беларусь абавязаная забяспечваць роўны і адкрыты доступ да такіх закупак для ўсіх тавараў краін Мытнага саюза», - лічаць у «Расаграмашы».

Акрамя вытворцаў сельгастэхнікі, звяртаюцца сёння ў Еўразійскую эканамічную камісію з прэтэнзіямі ў адрас Беларусі прадстаўнікі і іншых галін расейскай прамысловасці.

Напрыклад, адзін з найбуйнейшых расейскіх перапрацоўшчыкаў рыбы «Вічунай-Русь» лічыць, што існаванне ў Беларусі інстытута спецімпарцёра прадуктаў перапрацоўкі рыбы памяншае аб'ёмы паставак тавараў расейскіх вытворцаў на рынак Беларусі.

Па ацэнках «Вічунай-Русь», пастаўкі тавару праз спецімпарцёра павялічваюць кошт расейскай прадукцыі для беларускіх спажыўцоў не менш чым на 10%. Кампанія лічыць, што цяперашнія ўмовы паставак супярэчаць прынцыпам АЭП і дыскрымінуюць расейскіх вытворцаў на беларускім рынку.

У сувязі з гэтым кампанія «Вічунай-Русь» папрасіла ў красавіку Еўразійскую эканамічную камісію прыняць меры, якія б дазволілі забяспечыць расейскім перапрацоўшчыкам рыбы свабодны доступ на рынак Беларусі.

Пералічаныя прыклады паказваюць, што расейскі бізнес незадаволены ўмовамі працы на беларускім рынку і лічыць, што нормы, закладзеныя ў інтэграцыйныя дакументы, рэальна Беларуссю не выконваюцца.

Будучыня беларускага пратэкцыянізму

Варта заўважыць, праблема доступу расейскіх тавараў на беларускі рынак з'явілася ня сёння, і пытанне гэта мае глыбокія карані. Дарэчы, яшчэ ў 2009-м, а потым і ў 2010-м расейскія вытворцы камбайнаў заяўлялі, што не могуць паставіць на беларускі рынак сваю прадукцыю. Тэма гэта на ўрадавым узроўні падымалася, а праблема не знікла.

На думку экспертаў, імкненне беларускага боку абмежаваць расейскі імпарт звязана з некалькімі прычынамі. Па-першае, гэта дазваляе стварыць айчынным вытворцам спрыяльныя ўмовы збыту прадукцыі на ўнутраным рынку.

«Запасы на складах, якія ўтварыліся ў першыя месяцы гэтага года, паўсталі, перш за ўсё, у выніку зніжэння знешняга попыту на беларускую прадукцыю. Сітуацыя на ўнутраным рынку адносна спрыяльная. Але калі мы зараз пойдзем па шляху задавальнення прэтэнзій расейскага бізнесу, мы можам яшчэ больш затаварыць склады», - мяркуе намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.

Імкненне дзяржавы абмежаваць імпарт расейскай сельгастэхнікі цалкам натуральна, лічыць навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

«Дзяржава дае сельгасарганізацыям субсідыі, у тым ліку на закупку сельгастэхнікі. Але мы ж не жадаем бюджэтныя грошы траціць на закупку імпарту. Таму натуральна, што прыярытэт аддаецца набыццю тэхнікі беларускай вытворчасці», - тлумачыць Ірына Тачыцкая.

Аднак не факт, што пратэкцыянісцкія правілы, якія існуюць у Беларусі, застануцца ў будучыні.

Беларуская практыка даўно не падабалася расейскаму бізнесу, і пасля стварэння Адзінай эканамічнай прасторы ў расейцаў з'явіўся механізм, які дазваляе адстойваць свае інтарэсы на беларускім рынку. Расейскія вытворцы, і вышэйзгаданыя аргументы «Расаграмаша» цалкам паказальныя, зараз проста скардзяцца ў наднацыянальныя органы.

Пасля пачатку функцыянавання АЭП Беларусі будзе больш складана захаваць пратэкцыянісцкія меры на ўнутраным рынку, лічаць эксперты.

«У кароткатэрміновай перспектыве шанцы захаваць пратэкцыянісцкія меры ў Беларусі існуюць. А вось у сярэднетэрміновай перспектыве нашы партнёры-канкурэнты даб'юцца свайго і атрымаюць доступ на беларускі рынак», - лічыць Георгій Грыц.

Зрэшты, у экспертных колах існуе версія, што калі афіцыйны Менск здолее знайсці магчымасць задаволіць інтарэсы кіраўніцтва Расеі, то Масква можа і заплюшчыць вочы на невыкананне Беларуссю некаторых інтэграцыйных пагадненняў.

«У рамках АЭП абараніць пратэкцыянісцкія інтарэсы будзе складаней, так як нам могуць сказаць, што ў адзінай прасторы мы павінны каардынаваць сваю эканамічную палітыку. Аднак, як паказвае вопыт мінулых гадоў, усё мае свой кошт і можа на нешта разменьвацца. Можна дапусціць, што Расея заплюшчыць вочы на невыкананне Беларуссю абавязацельстваў у рамках АЭП, калі беларускі бок зможа прапанаваць нешта канкрэтнае наўзамен», - падагульніла Ірына Тачыцкая.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках