Невядомы «замінаваў» аддзяленне пошты ў Смаргоні
2- 8.05.2013, 9:51
З будынка паштовага аддзялення эвакуявалі 60 чалавек.
Учора невядомы патэлефанаваў па тэлефоне 102 і паведаміў, што ў Смаргоні замінаваная пошта, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
«Пасля правядзення следчых мерапрыемстваў ужо вядома, што тэлефанаваў невядомы з будынку пошты, - паведаміў прадстаўнік Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч. - Для выяўлення выбуховай прылады ў Смаргонь прыехалі сапёры. Былі эвакуяваныя работнікі як з самой пошты, так і з суседніх будынкаў. Некалькі гадзін сапёры абследавалі будынкі, але нічога не знайшлі. Цяпер завялі крымінальную справу і шукаем падазраванага».
Для ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі на месца былі адпраўленыя дзве пажарныя машыны і машына «хуткай».
Выпадкі ілжывых паведамленняў аб «мінаванні» будынкаў - не рэдкасць у Беларусі.
1 красавіка ў Калінкавічах каля 15.00 з таксафона невядомы патэлефанаваў на лінію 103 і паведаміў, што «праз 30 хвілін будзе знішчаны будынак хуткай меддапамогі». Тыдзень таму ў Менску «замінавалі» гімназію імя Акрэсціна. Некалькі разоў на працягу апошняга года былі эвакуяваныя пасажыры з чыгуначнага вакзала ў сталіцы з-за ілжывых паведамленняў аб закладзенай там «бомбе».
Прадстаўнікі МНС і Следчага камітэта нагадваюць, што за загадзя ілжывае паведамленне можна атрымаць штраф ад чатырох да пятнаццаці базавых велічынь. А калі злачынец будзе тэлефанаваць паўторна - ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь. Калі жартаўнік не дасягнуў паўналецця, за яго адказваюць бацькі.