Гарадзенскія прадпрымальнікі аб'явілі страйк
398- 16.06.2013, 10:33
- 209,899
Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза.
Акцыя пратэсту праходзіць на двух найбуйнейшых рынках Гародні – “Скідзельскім” і “Паўднёвым”.
“Страйк абвешчаны пакуль што толькі на адзін дзень. І носіць папераджальны характар. У аўторак мы збіраемся выйсці на працу, але калі да 24 чэрвеня нічога не вызначыцца, пратэсты могуць прадаўжацца”, - сказаў сайту charter97.org адзін з прадпрымальнікаў.
Ён растлумачыў, што сітуацыя будзе абмяркоўвацца заўтра на сходзе абласнога прафсаюза. Патрабаванні прадпрымальнікаў ўжо перададзеныя ўладам.
“Мы хочам знайсці выйсце з сітуацыі, якая склалася. Галоўная праблема ў абавязковай сертыфікацыі тавараў і у патрэбе выпіскі талонаў. Гэтыя правілы выканаць немагчыма. Заўтра на сходзе абласнога прафсаюза будзем вызначаць, што рабіць. Мы перадалі нашы патрабаванні ў Савет міністраў, каб знайсці кампраміс. Працаваць па такіх жорсткіх правілах ніхто проста не зможа”, - кажа ён.
Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці” прадугледжвае дакументальнае пацвярджэнне якасці тавараў. У тым ліку і тавары, што ўвозяцца ў Беларусь з Расеі, хоць гэта адзіная мытная прастора.
Каб атрымаць патрэбныя дакументы, трэба або пацвердзіць расейскую сертыфікацыю якасці, або аддаць частку тавару на спецыяльную экспертызу.
Першапачаткова гэты рэгламент павінен быў увайсці ў дзеянне яшчэ з 1 студзеня 2013 года. Але пасля мінулай хвалі незадаволенасці была дадзеная адтэрміноўка.
Супраць прыняцця новых правілаў, якія павінны ўвайсці ў дзеянне 1 ліпеня, нядаўна пратэставалі віцебскія прадпрымальнікі, якія абвесцілі аднадзённую забастоўку.
Фота: gp.by