«Шпіёнская справа» развальваецца нават у закрытым судзе
56- 20.06.2013, 8:36
- 63,910
Старшыня КДБ Валерый Вакульчык не вытрымаў.
«Шпіёнская справа», якую з такой радасцю вёў КДБ у дачыненні да аператара наваполацкага «Нафтана» Андрэя Гайдукова, падобна, скончылася. Замест яе будзе нейкая іншая справа. Пра гэта Вакульчык заявіў 19 чэрвеня журналістам.
Працэс над грамадскім актывістам праходзіць у Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Вялікай праблемы ў гэтым Валерый Вакульчык не бачыць: «Няма сумневаў, што ўсё будзе аб'ектыўна. Ніхто нічога хаваць не будзе, за выключэннем дзяржаўнай таямніцы».
Гаворачы пра магчымае пакаранне абвінавачанага, Вакульчык сказаў: «Гэта можа вырашыць толькі суд». Пры гэтым ён адзначыў, што «не факт, што гэта будзе артыкул 356».
Артыкул 356 КК - здрада дзяржаве, па якім абвінавачваецца Гайдукоў, прадугледжвае пакаранне ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Тое, што Вакульчык заявіў пра магчымую змену артыкула, азначае, што ён з вялікай доляй верагоднасці будзе зменены. Бо непасрэдна Вакульчык «руліць» гэтым працэсам. Успомнім хоць бы той факт, што за два тыдні да пачатку працэсу Вакульчык сказаў, што ён пройдзе ў закрытым рэжыме. У выніку так яно і здарылася, хоць па ўсіх працэсуальных нормах рашэнне аб закрытасці ці адкрытасці працэсу павінна прымаць суддзя - і толькі пасля пачатку працэсу і адпаведнага хадайніцтва аднаго з бакоў, піша camarade.biz.
У сувязі з заявай Вакульчыка праваабаронца Алег Волчак сказаў, што справа Гайдукова была настолькі дрэнна згатаваная, што развалілася нават у закрытым судзе:
«Асноўная частка працэсу ўжо прайшла. Суддзя паслухала абвінавачванне, заслухала некаторых сведак з боку абвінавачвання, змагла азнаёміцца з матэрыяламі справы. І Вакульчык загаварыў пра яго перакваліфікацыю нездарма - таму што складу злачынства па «здрадзе радзімы» там няма. Няма там ніякага шпіянажу, а таму справа будзе перакваліфікаваная на іншыя, больш мяккія артыкулы».
На яго думку, Гайдукову могуць прад'явіць толькі два падобных артыкулы КК:
«Гэта будзе альбо частка 2 артыкула 361 КК (Заклікі да дзеянняў, накіраваных у шкоду знешняй бяспекi Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці, звернутыя да замежнай дзяржавы) - пакаранне па ім альбо арышт на шэсць месяцаў, альбо пазбаўленне волі да трох гадоў. Альбо яшчэ ні разу не апрабаваны ў справе артыкул 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Па ім выносілася шмат папярэджанняў, але ні разу нікога не судзілі. Яго санкцыі - арышт на тэрмін да шасці месяцаў ці пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў».
Пытанне толькі ў тым, што абодва гэтыя артыкулы маюць відавочны прысмак «палітычных» - па артыкуле 361 КК у жніўні 2007 года быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі бізнесмен і палітык Андрэй Клімаў. Варта адзначыць, што гэта была першая крымінальная справа, распачатая за артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце. А артыкул 369-1 КК настолькі расплыўчаты і адыёзны, што праваабаронцы патрабуюць яго адмены, нават не чакаючы практыкі яго прымянення.
Словы Вакульчыка аб тым, што Гайдукову могуць перакваліфікаваць абвінавачванне, Волчак тлумачыць двума фактарамі. Першы - знешнепалітычны. 24 чэрвеня павінна вырашацца пытанне аб тым, каб міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею дазволілі ўезд у Еўразвяз. Другі момант - гэта хваля салідарнасці, якая праявілася ў грамадстве пасля пачатку працэсу над Гайдуковым:
«Праваабаронцы, СМІ, проста неабыякавыя грамадзяне задаюць уладзе нязручныя пытанні. Чаму суд закрыты? За што Гайдукова судзяць? Якое яго абвінавачванне? І мноства іншых. Улады адказаць на іх не могуць, але ацэньваюць грамадскую думку. І, бачачы, што гэта думка не на іх карысць, спрабуюць «змяніць пласцінку. Так што нельга казаць пра тое, што ад нашай салідарнасці нічога не залежыць. Залежыць, і яшчэ як».
У сувязі з гэтымі двума фактарамі Волчак мяркуе, што ў працэсе могуць адбыцца дзве кардынальныя змены. Першая: альбо суд, альбо бок абвінавачвання перакваліфікуе абвінавачанне на больш мяккае. Перакваліфікаваўшы ж абвінавачванне, суд скарыстаецца другім сваім правам: улічваючы асобу абвінавачанага, адсутнасць судзімасцяў, узважыўшы ступень яго небяспекі для грамадства, якая будзе прызнаная ледзь не нулявой, прызначыць пакаранне Гайдукову «менш меншага», гэта значыць менш мінімальнай планкі, прадугледжанай артыкулам КК. І Гайдукоў можа быць прысуджаны альбо да пазбаўлення волі ўмоўна, альбо да абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу - гэта значыць да «хіміі».
Зусім ужо прызнаць Гайдукова невінаватым - гэта значыць проста «забіць» Вакульчыка. Суд на гэта пайсці не можа.
Вакульчык перад пачаткам працэсу над Гайдуковым казаў прэсе:
«Я думаю, што пасля таго, як будзе абвешчанае рашэнне суда, тыя людзі, якія яго абаранялі, апынуцца ў нязручным становішчы».
Пакуль што ў нязручным становішчы апынаецца сам Вакульчык.