27 чэрвеня - агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў
297- 24.06.2013, 20:47
- 142,370
Прадпрымальнікі таксама гатовыя пачаць збор подпісаў за выхад Беларусі з Мытнага саюза.
Пастанову аб правядзенні нацыянальнага страйку прыняў Форум прадпрымальнікаў, прысвечаны пытанням увядзення тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы лёгкай прамысловасці», які прайшоў сёння ў Менску. Пра гэта сайту charter97.org паведаміў лідар грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.
Паводле ягоных слоў, супольны дакумент Мінгандлю, Мінсельгасхарча і Міністэрства аховы здароўя, якім тэрміны ўваходжання тэхрэгламенту Мытнага саюза нібыта пераносяцца на 1 ліпеня 2014 года, не развязвае праблему, аб якой заяўлялі прадпрымальнікі.
«У форуме ўзялі ўдзел блізу 150 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі. На жаль, яго праігнаравалі як структуры ўлады, так і афіцыйныя арганізацыі. Прысутнічаў толькі прадстаўнік Дзяржстандарту, але ён адмовіўся ад выступу, толькі слухаў. Цікава тое, што пры гэтым на мерапрыемства прыехалі прадстаўнікі Еўразійскай эканамічнай камісіі з Масквы. Яны заявілі, што беларуская старана наогул не мае права скасоўваць уваходжанне ў дзеянне тэхрэгламенту Мытнага саюза, які патрабуе ад прадпрымальнікаў наяўнасці сертыфікатаў на тавары, якія яны ўвозяць у Беларусь з Расеі. Абурэнне прадпрымальнікаў выклікае тое, што атрымаць гэтыя сертыфікаты практычна немагчыма праз той вэрхал, які пануе ў суседняй краіне.
Дакумент, які нібыта пераносіць тэрмін уваходжання ў дзеянне тэхрэгламенту, праблему напраўду не развязвае. Ён наогул складзены даволі непісьменна. Згодна з гэтым дакументам, прадпрымальнікі могуць не сертыфікаваць тавар толькі ў тым выпадку, калі пададуць дакументы, якія пацвярджаюць яго набыццё ў краінах МС. Гэта фактычна тыя ж самыя дакументы, якія патрэбныя для сертыфікацыі. Акрамя таго гэтая пастанова не тычыцца блізу 80 тысяч прыватных унітарных прадпрыемстваў.
Форум прадпрымальнікаў прыняў пастанову правесці 27 чэрвеня аднадзённы страйк ва ўсёй краіне. Зразумела, што з 1 ліпеня працаваць паводле новых правіл мы не здолеем. Калі нашыя патрабаванні не будуць пачутыя і пастанову аб уваходжанні тэхрэгламенту ў дзеянне не скасуюць, прадпрымальнікі могуць пачаць збор подпісаў за выхад нашай краіны з Мытнага саюза», - заявіў Анатоль Шумчанка.
Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» прадугледжвае дакументальнае пацвярджэнне якасці тавараў. У тым ліку тавараў, што ўвозяцца ў Беларусь з Расеі, хоць гэта адзіная мытная прастора. Каб атрымаць патрэбныя дакументы, трэба або пацвердзіць расейскую сертыфікацыю якасці, або аддаць частку тавару на спецыяльную экспэртызу.
Першапачаткова гэты рэгламент павінен быў увайсці ў дзеянне яшчэ з 1 студзеня 2013 года. Але пасля мінулай хвалі незадаволенасці была дадзеная адтэрміноўка. Новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 1 ліпеня.