13 снежня 2024, Пятніца, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін: Сноўдэн дагэтуль у Расеі

91
Пуцін: Сноўдэн дагэтуль у Расеі

Уладзімір Пуцін пацвердзіў, што збеглы супрацоўнік ЦРУ знаходзіцца ў транзітнай зоне аэрапорта ў Маскве.

Прэзідэнт Расеі заявіў, што Эдвард Сноўдэн сапраўды прыбыў у Маскву як транзітны пасажыр і не перасякаў дзяржмяжы Расеі, паведамляе РИА «Новости».

«Спадар Сноўдэн сапраўды прыбыў у Маскву. Для нас гэта было поўнай нечаканасцю. Ён прыехаў як транзітны пасажыр. Яму не патрэбная ані віза, ані іншыя дакументы, ён, як транзітны пасажыр, мае права купіць білет і ляцець, куды ён хоча», - сказаў Пуцін.

Акрамя таго, расейскі прэзідэнт сказаў, што ўсялякія абвінавачванні ў адрас Масквы з'яўляюцца «трызненнем і лухтой».

«Што да магчымай выдачы куды б там ні было, то мы можам выдаваць толькі ў тыя дзяржавы, з якімі ў нас ёсць пагадненне аб выдачы злачынцаў. З ЗША такога пагаднення няма. На тэрыторыі Расеі спадар Сноўдэн ніякіх злачынстваў, дзякаваць богу, не ўчыняў», ─ сказаў Пуцін.

Са слоў кіраўніка Wikileaks Джуліяна Асанжа, Сноўдэн ужо атрымаў дакументы з Эквадора аб тым, што ўрад гэтай краіны ўважае выкрывальніка амерыканскіх спецслужбаў за бежанца.

На фоне гэтых падзей расце напружанасць паміж ЗША, і ўладамі Кітая ды Расеі. Інфармаваныя асобы ў Пекіне паведамілі The New York Times на ўмовах ананімнасці, быццам менавіта там было канчаткова пастаноўлена выпусціць Сноўдэна з Ганконга. Хоць апошні запэўнівае, што яго юрыдычная сістэма, як і шмат што іншае, незалежная ад асноўнага Кітая, пытанні замежнай палітыкі застаюцца ў падпарадкаванні Пекіна. А сітуацыя са Сноўдэнам несумненна такая ж.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС КНР Хуа Чуньін, праўда, дала зразумець у панядзелак, што ўлады суверэннага адміністрацыйнага раёна Ганконг дзейнічалі самастойна.

Што да Расеі, то амерыканскія сенатары падазраюць яе ўлады ў датычнасці да арганізацыі ўцёкаў. Адзін нават проста абвінаваціў у дапамозе прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. У Крамлі, аднак, адхрышчваюцца. Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў яшчэ напярэдадні заявіў, што аб планах Сноўдэна яму «нічога не вядома».

Раней паведамлялася, што Лукашэнка можа даць прытулак былому супрацоўніку ЦРУ, які распавёў журналістам аб праграме для збору асабістых звестак грамадзян. Аб гэтым, у прыватнасці, заявіў першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы Расеі ў міжнародных справах Леанід Калашнікаў. Чыноўнік не выключыў верагоднасці таго, што з Масквы, куды Эдвард Сноўдэн прыляцеў учора, ён накіруецца ў Менск.

Сёння стала вядома, што былы супрацоўнік ЦРУ пакуль не звяртаўся ў беларускі МЗС з просьбай пра палітычны прытулак.

Напісаць каментар 91

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках