Беларускія баксёры прабіліся ў чвэрцьфінал Чэмпіянату Еўропы
4- 4.06.2013, 15:18
- 11,882
Сяргей Лобан (вагавая катэгорыя да 52 кг), Сяргей Новікаў (81 кг) і Віктар Зуеў (звыш 91 кг) заваявалі права ўдзелу ў чвэрцьфінальных баях 40-га чэмпіянату Еўропы па боксе.
Турнір працягваецца ў менскім Палацы спорту, паведамляе БелТА.
Сяргею Лобану для таго, каб кваліфікавацца ў чвэрцьфінал, аказалася дастаткова выйгрышу аднаго бою, у якім ён перамог суперніка з Малдовы Аляксандра Рыскана (2:1). Малдаўскі баксёр станавіўся прызёрам чэмпіянату Еўропы ў мінулыя гады. У чвэрцьфінале 5 чэрвеня Сяргей Лобан пазмагаецца з ірландскім спартсменам Майклам Конланам.
Капітану зборнай Беларусі Сяргею Новікаву для выхаду ў 1/4 фіналу таксама аказалася дастаткова адолець аднаго суперніка, якім апынуўся ўкраінец Дзмітрый Булгакаў. Беларус запісаў у свой актыў «сухую» перамогу (3:0). У баі за выхад у паўфінал беларус 5 чэрвеня сустрэнецца з харватам Хрвоя Сепам.
У самай цяжкай вагавой катэгорыі (звыш 91 кг) Віктар Зуеў не меў асаблівых праблем пры сустрэчы з першым апанентам Шабалшам Дзіілам. Зуеў перамог тэхнічным накаўтам у першым раўндзе. 5 чэрвеня ў 1/4 фіналу ён сустрэнецца на рынгу з украінцам Ягорам Плявакам.
Больш доўгі шлях да чвэрцьфіналу будзе ў Вазгена Сафар'янца (60 кг) і Паўла Кастраміна (69 кг), якія, атрымаўшы перамогі ў стартавых баях папярэдняга раунда, сёння працягнуць удзельнічаць у ім, сустрэўшыся з другімі супернікамі.
Сёння ў барацьбу на чэмпіянаце Еўропы-2013 уступаюць беларусы Вадзім Кірыленка (49 кг), Зміцер Сапон (56 кг), Віталь Бандарэнка (75 кг) і Сяргей Карнееў (91 кг).