Мінэканомікі: Беларуская прамысловасць стагнуе
9- 5.06.2013, 13:40
- 28,299
Міністэрства эканомікі Беларусі канстатуе стагнацыю ў прамысловасці з-за «рэзкага сціску знешніх рынкаў».
Ва ўсіх відах эканамічнай дзейнасці ў студзені-красавіку бягучага года назіраецца запавольванне тэмпаў росту, гаворыцца ў аглядзе, падрыхтаваным Міністэрствам эканомікі.
«Ключавыя сектары эканомікі не дэманструюць росту: ВУП падтрымліваецца чыстымі падаткамі на прадукты (уклад у ВУП 1,4 адсоткавага пункта) і гандлем (1,6 а.п.), пры адмоўным укладзе прамысловасці (-0,6 а.п.) , транспарту і сувязі (-0,1%), нулявым укладзе будаўніцтва і нізкім - сельскагаспадарчай вытворчасці (0,1 а.п.)», - гаворыцца ў аглядзе Мінэканомікі.
Ва ўсіх відах эканамічнай дзейнасці ў студзені-красавіку назіралася тэндэнцыя запаволення тэмпаў росту, што ў сваю чаргу адмоўна адбіваецца на росце ВУП.
Значны рост чыстых падаткаў (на 11,1% за студзень-красавік 2013 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года) абумоўлены павелічэннем паступленняў ПДВ амаль на 35%, што звязана з памяншэннем сум вяртанняў па гэтаму падатку, а таксама павелічэннем паступленняў акцызаў больш чым у 1,5 разы.
«Рост рознічнага тавараабароту звязаны з павелічэннем рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на працягу 2012 года і першым квартале 2013 года», - сказана ў аглядзе.
У эканоміцы адбываецца паступовае аднаўленне ўнутранага попыту як з боку спажывання хатніх гаспадарак, так і з боку інвестыцый.
«Унутраны попыт з'яўляецца асноўным фактарам росту ВУП. Адносіны экспарту тавараў і паслуг да ВУП за тры месяцы бягучага года склалі 77% (за аналагічны перыяд мінулага года - 103,7%), што сведчыць пра памяншэнне ўкладу ў рост ВУП знешняга попыту», - гаворыцца ў аглядзе міністэрства.
У міністэрстве таксама падкрэсліваюць, што «паказчыкі ў прамысловасці абумоўленыя, галоўным чынам, знешнеэканамічнымі ўмовамі і падзеннем попыту на асноўных рынках збыту, у першую чаргу з прычыны звужэння іх ёмістасці».