2 траўня 2024, Чацвер, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандрацьеў: Гол прапусцілі з няўважлівасці

17
Кандрацьеў: Гол прапусцілі з няўважлівасці

У страчаным матчы з нацыянальнай камандай Фінляндыі беларускія футбалісты гулялі не горш за спаборнікаў, мяркуе трэнер.

Прапушчаны гол стаў вынікам грубых памылак і няўважлівасці ў абароне. Такое меркаванне выказаў пасля матчу ў Хельсінках галоўны трэнер каманды Беларусі Георгій Кандрацьеў, паведамляе БелТА.

Настаўнік беларусаў адзначыў, што спаборнік ствараў моманты ля брамы Сяргея Вярэмкі толькі пасля «стандартаў» - штрафных, корнэраў і нават пасля аўтаў, з гульні фіны нічога стварыць не маглі. Нешта падобнае было і ў выязной гульні з Грузіяй, калі трое нашых беларускіх футбалістаў сутыкнуліся, а спаборнік забіў пераможны гол, нагадаў Георгій Кандрацьеў. Зараз адбылося тое ж самае, калі абаронцы дапусцілі недарэчную памылку пасля ўводу мяча з-за бакавой лініі. Трэнер таксама адзначыў, што беларусы правялі нямала атак, зрабілі шмат стрэлаў, але так і не пацэлілі ў чужую браму, і ўрэшце вынік не на нашу карысць.

Форвард Віталь Радзівонаў сказаў, што гэта быў адзін з самых няўдалых ягоных матчаў, гульня не заладзілася, асабліва пры пераходзе ад абароны да атакі, а ў заканчальнай стадыі проста не шанцавала.

Абаронца Аляксандр Мартыновіч мяркуе, што гульня была роўнай, і беларусы мелі нямала момантаў, каб сквітаць лік, але гэтага зрабіць не здолелі. Цяпер беларуская каманда пастараецца ўзяць рэванш у сустрэчы ў адказ з фінскай камандай, якая адбудзецца 11 чэрвеня ў Гомелі.

У Хельсінках 7 чэрвеня зборная Беларусі саступіла гаспадарам поля з мінімальным лікам 0:1. Адзіны гол у браму беларусаў заляцеў на 57-й хвіліне гульні ў выніку няўзгодненых дзеянняў абаронцаў і брамніка.

У першай частцы кваліфікацыі ЧС-2014 футбалісты каманды Беларусі правялі 4 матчы, атрымаўшы перамогу над камандай Грузіі (2:0, дома) і пацярпеўшы паразы ад гішпанцаў (0:4, дома), французаў (1:3, у гасцях) і грузінаў (0:1, у гасцях). Фінская суполка згуляла ўнічыю з Грузіяй (1:1, дома) і Гішпаніяй (1:1, у гасцях), саступіла Францыі (0:1, дома).

Цяпер становішча камандаў у кваліфікацыйнай групе I такое: Гішпанія - 11 балаў (5 матчаў; розніца галоў - 8-2), Францыя - 10 (5; 8-4), Фінляндыя - 5 (4; 3-3), Грузія - 4 (5; 3-7), Беларусь - 3 (5; 3-9).

У гэтым годзе беларускія футбалісты акрамя бліжэйшай сустрэчы з фінамі правядуць яшчэ дзве кваліфікацыйныя гульні: 10 верасня дома з камандай Францыі і 11 кастрычніка ў гасцях у цяперашніх чэмпіёнаў свету і Еўропы гішпанцаў.

У фінальную стадыю чэмпіянату свету, якая пройдзе праз год у Бразіліі, наўпрост выйдуць пераможцы васьмі еўрапейскіх кваліфікацыйных груп. Каманды, якія зоймуць другія месцы, у матчах плэй-оф вызначаць уладальнікаў яшчэ чатырох квіткоў у Бразілію.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках