18 траўня 2024, Субота, 8:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд: МУС і КДБ Някляева не білі (Відэа)

32

(абноўлена) Уладзіміру Някляеву зноў адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце нападу на яго 19 снежня 2010 года.

Суд Цэнтральнага раёна Менска адмовіў экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі, лідару кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміру Някляеву ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце нападу на яго 19 снежня 2010 года, піша БелаПАН.

Пасяджэнне суда адбылося 10 ліпеня пад старшынствам Валерыя Есьмана. Някляеў прасіў адмяніць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, падпісаную пракурорам менскай пракуратуры Ермаковым, і абавязаць «узбудзіць крымінальную справу па факце бандыцкага нападу».

Экс-кандыдат у прэзідэнты заявіў, што разглядае напад на яго 19 снежня «як замах на жыццё». «Як грамадзянін Беларусі я маю права патрабаваць ад праваахоўных органаў знайсці тых, хто здзейсніў гэтае злачынства, і ў адпаведнасці з законам пакараць іх. Менавіта ў гэтым сутнасць майго звароту ў суд», - падкрэсліў Някляеў.

Прадстаўнік адказчыка, пракурор Бабчанок, заявіў, што не згодны з Някляевым. Пракуратура абгрунтавала адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве Някляева тым, што, паводле дадзеных, атрыманых з МУС і КДБ, спецпадраздзяленні гэтых структур не праводзілі 19 снежня якіх-небудзь мерапрыемстваў у дачыненні да Уладзіміра Някляева і яго прыхільнікаў.

Суд палічыў гэтыя довады абгрунтаванымі.

Нагадаем, 19 снежня 2010 года падчас руху з калонай актывістаў апазіцыі на Кастрычніцкую плошчу, дзе планаваўся мітынг, на Някляева, у той момант кандыдата ў прэзідэнты, і яго прыхільнікаў напалі невядомыя ў чорнай вопратцы і масках. Ад удараў палітык страціў прытомнасць, пазней быў дастаўлены ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай сярэдняй цяжкасці. З бальніцы яго адвезлі ў СІЗА КДБ.

Уладзімір Някляеў неаднаразова звяртаўся ў розныя інстанцыі з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце збіцця, аднак нідзе, у тым ліку ў пракуратуры, яго скарга не была падтрыманая.

Напярэдадні сённяшняга пасяджэння суда лідар кампаніі «Гавары праўду!» заявіў: «Наўрад ці варта чакаць станоўчага рашэння суда і цяпер. Суд з'яўляецца часткай рэпрэсіўнай сістэмы ўладаў, а таму, верагодна, адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы».

Свой чарговы зварот у суд Някляеў патлумачыў так: «Галоўнае не ў рашэннях суда, а ў тым, каб паказаць, што ў краіне ёсць людзі, якія працягваюць дамагацца праўды».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках