19 траўня 2024, Нядзеля, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Малчанаў: Адміністрацыя калоніі лічыла мяне палітвязням

9
Аляксандр Малчанаў: Адміністрацыя калоніі лічыла мяне палітвязням

Кіраўніцтва калоніі мэтанакіравана рабіла з актывіста апазіцыі «злоснага парушальніка».

Аб гэтым Аляксандр Малчанаў распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org праз некалькі гадзін пасля таго, як выйшаў на свабоду.

«Адміністрацыя стала праяўляць вельмі павышаную ўвагу да мяне адразу пасля таго, як я трапіў у ВК № 14 у Навасадах. Мяне адразу выдзелілі з усіх зняволеных, вельмі часта выклікалі ў аператыўную частку, дапытвалі і спрабавалі нешта даведацца. Кіраўніцтва калоніі ведала, за што я трапіў туды, лічыла мяне палітычным і ставілася адпаведна. Вядома, нельга казаць аб жорсткім прэсінгу - такога не было. Але з мяне зрабілі злоснага парушальніка. Я атрымаў тры спагнанні - роўна столькі, колькі спатрэбілася суду, які прайшоў у калоніі 4 ліпеня, для таго, каб устанавіць прэвентыўны нагляд на паўгода.

У той жа час, стаўленне звычайных зняволеных было звычайным. Канфліктаў не было, многія дзівіліся падвышанай увагай да мяне з боку адміністрацыі.

Сёння мяне спецыяльна вызвалілі яшчэ з самага ранку, да пад’ёму, для таго, каб людзі, якія ехалі да калоніі, не змаглі мяне сустрэць. Адміністрацыя чамусьці гэтага вельмі не хацела», - распавёў Аляксандр Малчанаў.

Моладзевы актывіст распавёў і аб той сітуацыі, у якой ён апынуўся пасля вызвалення 14 верасня 2011 года. Тады указам Лукашэнкі былі памілаваныя 11 вязняў, якія знаходзіліся ў турмах і калоніях за ўдзел у Плошчы.

«У мяне проста не было магчымасці ўладкавацца на працу. Я застаўся фактычна без сродкаў да існавання Звяртаўся і на старое месца працы, і на іншыя прадпрыемствы - усюды атрымліваў адмову. Мне адкрытым тэкстам казалі, што ўзяць мяне не могуць, бо будуць праблемы. Таму я быў вымушаны зарабляць сабе на жыццё ў тым ліку і зборам металалому, за што мяне і арыштавалі», - гаворыць Аляксандр Малчанаў.

Палітвязень распавёў пра свае бліжэйшыя планы.

«У першую чаргу, трэба прывесці ў парадак дом, пабачыцца з сябрам

Пасля зноў буду спрабаваць шукаць працу - можа быць, у Менску. У калоніі ёсць ПТВ, я прайшоў там курсы і атрымаў дыплом станочніка шырокага профілю 3 разраду. Магчыма, гэта дапаможа ў пошуку працы», - кажа ён.

Аляксандр Малчанаў яшчэ раз падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго падчас зняволення.

«Я атрымліваў вельмі шмат лістоў. Гэта самы лепшы спосаб дапамагчы чалавеку, які трапіў у турму», - сказаў ён.

Аляксандр Малчанаў нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 года ў Барысаве, у гэтым горадзе жыў усё сваё жыццё. Вучыўся ў Барысаўскай школе № 22.

У першай палове 2000 гадоў быў актывістам моладзевага руху «Зубр». Менавіта ў той час палітычная актыўнасць хлопца стала прычынай пастаяннай увагі да яго з боку міліцыі.

Першы раз Малчанава затрымалі паводле крымінальнай справы за Плошчу ў Барысаве 6 студзеня 2011 года. Аляксандру было прад'яўлена два абвінавачанні па справе аб масавых беспарадках: ва ўдзеле ў іх, а таксама ў абразе падчас акцыі дзяржаўных сімвалаў. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.

2 сакавіка 2011 года асуджаны ў Фрунзенскім судзе Менску на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі № 15 Магілёва, адкуль быў вызвалены 14 верасня 2011 на падставе памілавання Лукашэнкі ў ліку іншых палітычных зняволеных.

Неўзабаве супраць Аляксандра была заведзеная другая крымінальная справа. У лістападзе 2011 года ён быў арыштаваны другі раз у Барысаве і змешчаны пад варту ў ІЧУ. На гэты раз апазіцыянера абвінавацілі ў крадзяжы металалому. Аляксандр не мог уладкавацца на працу, бо яго нікуды не бралі пасля палітычнага суду, і ён зарабляў на жыццё сабе і бацькам-пенсіянерам зборам металалому. Ён кажа, што на тэрыторыю завода, якая не ахоўваецца, жыхары горада звычайна заходзілі за металічнымі адходамі вытворчасці. 9 красавіка 2012 года асуджаны на 1 год 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках