17 траўня 2024, Пятніца, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да канца года з Расеі выдвараць мільён мігрантаў

28
Да канца года з Расеі выдвараць мільён мігрантаў

Расейцы патрабуюць «вярнуць мігрантаў на гістарычную радзіму».

За першае паўгоддзе 2013 года ў Расею заехалі каля 10 мільёнаў мігрантаў. Рост міграцыі склаў 12%, а за апошнія чатыры гады - 37%.

Пры гэтым пастаянна ў краіне жывуць толькі 800 тысяч замежнікаў, што ў 10 разоў менш, чым у Еўразвязе. Такія лічбы прывёў у аўторак кіраўнік Федэральнай міграцыйнай службы (ФМС) Канстанцін Рамаданаўскі, выступаючы на круглым стале ў Гандлёва-прамысловай палаце. Перад гэтым два ведамствы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве па прыцягненню ў РФ замежнай працоўнай сілы, піша NEWSru.com.

Падобна на тое, што ФМС спрабуе неяк лавіраваць на фоне размоў пра рэзкі воплеск злачыннасці сярод мігрантаў у Маскве і ўраджайных аблаў супраць нелегалаў. З аднаго боку, трэба рэагаваць на незадаволенасць засіллем прыезджых, а з другога, - забяспечваць радужныя эканамічныя паказчыкі. Дарэчы, па словах Рамаданаўскага, прыток мігрантаў у Расею сведчыць пра прывабнасць краіны і рост яе эканомікі, перадаюць ІТАР-ТАСС і «Інтэрфакс».

Толькі паўтары тыдні таму кіраўнік ФМС заявіў, што ўлады павінны ўлічыць меркаванне жыхароў мегаполісаў, якіх раздражняюць мігранты, якія хістаюцца без справы. «Наша задача - не пускаць у краіну людзей, якія бяз працы хістаюцца па вуліцах, не маючы сталага заробку», - сказаў ён на выязным пасяджэнні Камітэта Дзярждумы па бяспецы і супрацьдзеянні карупцыі.

Яшчэ раней, у канцы траўня, Рамаданаўскі даручыў стварыць на чыгуначных і аўтавакзалах Масквы «фільтравальныя пасты». Яны павінны дзейнічаць, пакуль не ўступяць у сілу новыя правілы ўезду. З 1 студзеня 2015 года, нагадаем, грамадзяне блізкага замежжа будуць уязджаць у Расею па замежпаспартах.

Вызначыўшы сутнасць праблемы з мігрантамі, ФМС прапанавала «просты і зразумелы» механізм вырашэння

У аўторак жа кіраўнік ведамства агучыў няхітрую формулу: праблема не ў тым, што мігранты ўязджаюць, а ў тым, што яны не з'язджаюць. «Мы кажам пра тое, што ў Расею заязджае вельмі шмат замежных грамадзян. Гэта складана, гэта напружанне. Але не гэта самае галоўнае. Галоўнае, што замежныя грамадзяне своечасова не выязджаюць», - прыводзіць дакладную цытату «Інтэрфакс».

Прызнаўшы, што «гэта выклікае справядлівыя нараканні нашага насельніцтва», Рамаданаўскі прапанаваў спосаб, якім можна сур'ёзна рэфармаваць механізм кватавання замежнай працоўнай сілы. «Я лічу, што мы не павінны вынаходзіць ровар, а павінны скарыстацца вопытам краін Еўразвяза, калі вывешваецца заканадаўча замацаваны механізм вакансій. Вакансіі займаюцца спачатку грамадзянамі суб'екта, праз месяц займаюцца, напрыклад, грамадзянамі Расейскай Федэрацыі, а праз два месяцы, калі яны не занятыя, такую магчымасць атрымліваюць ужо замежнікі», - растлумачыў ён.

Паводле ацэнкі кіраўніка ФМС, гэта «просты і зразумелы механізм, які перш за ўсё абараняе расейскага работніка». Пры гэтым толькі 3 ліпеня, нагадвае агенцтва, на сустрэчы з бізнес-аб'яднаннем «Асацыяцыя менеджэраў» Рамаданаўскі сказаў, што механізм кватавання неабходна зусім ліквідаваць, а замест яго ўстанавіць долю замежных мігрантаў, якіх будуць прыцягваць на працу ў РФ. Зрэшты, на наступны ж дзень міністр працы і сацыяльнай абароны Максім Тапілін выступіў супраць адмены кватавання.

А яшчэ ў аўторак Канстанцін Рамаданаўскі прапанаваў надзяляць мігрантаў, якія ўязджаюць у Расею на тэрмін больш за 90 сутак, статусам часовага пражываючага. Пры гэтым для кваліфікаваных работнікаў ФМС прапануе выдаваць дазвол на часовае пражыванне на два гады, для высокакваліфікаваных - на тры. «Будуць створаныя таксама прэферэнцыі пры атрыманні грамадзянства для бізнесменаў і моладзі», - паабяцаў ён.

Кіраўнік ФМС спадзяецца, што гэтыя меры будуць садзейнічаць прытоку ў Расею замежных работнікаў больш высокай кваліфікацыі.

Да канца года абяцаюць выправадзіць мільён мігрантаў-парушальнікаў

Раней у Службе паведамілі, што да канца года плануюць паменшыць колькасць замежнікаў-парушальнікаў, якія незаконна знаходзяцца на тэрыторыі РФ, на 1 мільён чалавек. Рамаданаўскі распавёў, што ў «групу рызыкі» ўваходзіць цяпер каля 3 мільёнаў мігрантаў, якія знаходзяцца ў Расеі даўжэй пакладзенага тэрміна.

«Мы вядзем працу і аўтаматычна закрываем ім уезд на тры гады. Справы 100 тысяч чалавек мы ўжо адпрацавалі, закрылі ім уезд, а «група рызыкі» паменшылася на 250 тысяч чалавек». Такі эфект Рамаданаўскі патлумачыў тым, што разам з парушальнікам Расею часцяком пакідае і яго сям'я. «Па маіх разліках, калі мы да канца года здолеем зачыніць уезд для парадку 400 тысяч чалавек, то «група рызыкі» паменшыцца на 1 мільён чалавек ці нават больш», - сказаў ён.

У Пецярбургу патрабуюць адстаўкі кіраўніка УФМС

Тым часам у Пецярбургу збіраюць подпісы пад зваротам да прэзідэнта Уладзіміра Пуціна з патрабаваннем адправіць у адстаўку кіраўніка мясцовага ўпраўлення ФМС Алену Дунаеву і «вярнуць мігрантаў на гістарычную радзіму».

Падставай да такой акцыі паслужыла спроба мігранта згвалціць трохгадовага хлопчыка і яшчэ адна «падобная гісторыя», якая адбылася зусім нядаўна, распавёў «Росбалту» арганізатар «народнага сходу» супраць этназлачыннасці, лідар Нацыянальна-дэмакратычнай партыі ў Пецярбургу Аляксандр Жучкоўскі.

«Мы патрабуем парадку і хочам, каб перш за ўсё былі працаўладкаваны карэнныя жыхары. Наплыў мігрантаў б'е па рынку працы, і мясцовыя жыхары губляюць працу. Мы супраць такой вялікай колькасці нават легальных мігрантаў», - сказаў ён.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках