2 траўня 2024, Чацвер, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

44 хвіліны свабоды

35
44 хвіліны свабоды

Першы вечар пасля вызвалення ад крымінальнага пакарання Ірына Халіп правяла з сябрамі.

Нямецкі журналіст Інга Пец пагаварыў з жонкай былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава.

Інтэрв'ю c Ірынай Халіп апублікавана ў Frankfurter Allgemeine Zeitung (пераклад - «Радыё Свабода»).

- У мінулую пятніцу суд у Менску вызваліў вас ад крымінальнага пакарання па заканчэнні адтэрміноўкі прысуду. Вы спадзяваліся, што выйдзеце з суда свабодным чалавекам?

- За апошнія гады я набыла новы вопыт: у цяперашняй беларускай рэальнасці нельга ні на што спадзявацца, бо ва ўмовах, калі працуе не логіка, а самыя нізкія інстынкты ў кактэйлі з псіхічным нездароўем, чаканых вынікаў не бывае. Дваццаць чатыры гадзіны ў суткі трэба быць гатовым да любых нечаканасцяў, у тым ліку фатальных.

- Што вы зрабілі першым, апынуўшыся на волі?

- Увечары я запрасіла сваіх сяброў у кафэ. Гэта быў першы вечар, калі мне не трэба было бегчы дадому, так як у 22 гадзіны міліцыя магла прыйсці да мяне дадому з праверкай. І таму мы ў 22:01 выпілі за свабоду. У 22:44 адна сяброўка сказала мне: «Ужо 44 хвіліны свабоды. Адчуваеш?» Гэта быў проста цудоўны вечар.

- Дык цяпер вы сапраўды адчуваеце сябе свабоднай?

- Па-першае, я заўсёды была свабоднай, нават у турме. Свабоду, якая ўнутры кожнага з нас, не выбіць ніякімі дубінкамі, ніякімі прыніжэннямі. Па-другое, знешняй свабоды, якая гарантуецца канстытуцыяй і законамі, у нас няма - і пры гэтым рэжыме не будзе. Кожны, хто пасля турмы зноў выступае супраць рэжыму, мае вялікія шанцы зноў апынуцца за кратамі. У мяне няма ніякіх ілюзій, што гэтую старонку ўдасца перавярнуць.

- Падчас выпрабавальнага тэрміну вы фактычна жылі пад хатнім арыштам. Якія падчас яго былі ўмовы?

- Я два гады не магла выязджаць з Менска. Кожны панядзелак я павінна была ехаць у раённы аддзел міліцыі, каб там паставіць подпіс. Пасля 22 гадзін я не магла выходзіць з хаты. І кожны раз, калі ў дзверы грукала міліцыя, я павінна была адчыняць. Часам міліцыянты прыходзілі ўначы тройчы: у 22 гадзіны, у поўнач і пасля яшчэ ў 2 гадзіны ночы. Яны вельмі добра ведалі, што ў мяне маленькае дзіця, якое, вядома ж, прачынаецца ад начнога груку. Яны ператварылі наша жыццё ў пекла, яны дамагліся таго, што я ў сваіх уласных чатырох сценах ні на хвіліну не магла адчуваць сябе спакойна і камфортна.

- Вы працягнеце журналісцкую працу ў расейскай «Новой газете»?

- Я, уласна кажучы, працы ў «Новой газете» ніколі і не спыняла - я не магла працаваць толькі падчас пяці месяцаў у турме. Тады ў Беларусь прыязджалі калегі з Масквы, каб працаваць за мяне. Так будзе і цяпер. Калі мяне зноў паспрабуюць ізаляваць, нехта будзе прыязджаць з Масквы і працаваць замест мяне. І гэта будзе грамадзянін Расеі, c якім не атрымаецца так лёгка абыходзіцца, як са мной. Я буду працаваць далей. Ніякай унутранай цэнзуры ўва мне не з'явілася, таму што я «занадта журналіст», каб у пэўны час уключаць тормазы.

- Ваш муж, апазіцыйны палітык і кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, вымушаны быў пасля вызвалення ў мінулым годзе пакінуць краіну і цяпер жыве ў Лондане. Вы з сынам жывяце ў Менску. Якія ў вас планы на будучыню?

- Мы разам ужо перажылі больш цяжкія часы, калі мы абодва былі за кратамі і не маглі нават ліставацца. Але і тады я заўсёды адчувала, што мы разам. Цяпер, калі мы зможам сустракацца, калі я нарэшце змагу з'ездзіць да мужа, мы ўжо неяк прыдумаем, што рабіць і як жыць. Разам з нашым сынам, якому было тры з паловай гады, калі нас арыштавалі. Я павінна сказаць, што ён увесь гэты час паводзіў сябе проста гераічна, нягледзячы на свой узрост.

- Ці можаце вы растлумачыць, чаму суд вас вызваліў? Ці мае гэта нейкае дачыненне да магчымага аднаўлення дыялогу паміж ЕЗ і рэжымам Лукашэнкі?

- Гэтае пытанне ў пятніцу пасля суда мне задавалі часцей за ўсё. Заўважце, усе пытаюцца: «Чаму вас выпусцілі?», але ніхто не пытаецца: «Чаму вас наогул пасадзілі?». Як быццам бы пасадзіць мяне ў турму, аб'явіць вінаватай у судзе, ператварыць існаванне маёй сям'і ў пекла і забраць амаль тры гады майго жыцця - гэта нармальна. А тут мяне фармальна вызвалілі, і гэта як быццам бы дзіўна, як быццам бы частка якой-небудзь палітычнай гульні.

Фота: dw.de

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках